Заява руху «За свабоду» з нагоды дэпартацыі з Беларусі паэта Сяргея Жадана.

Ганебнае затрыманне ў Мінску і забарона на ўезд у Беларусь таленавітаму ўкраінскаму паэту Сяргею Жадану чарговы раз красамоўна паказала абмежаванасць сапраўднага палітычнага суверэнітэту Беларусі ў рамках гэтак званых інтэграцыйных структураў з Расіяй, паведамляе прэс-служба руху.

Нягледзячы на ўсе гучныя заявы кіраўніка дзяржавы, беларускае кіраўніцтва ў чарговы раз даказала сваю палітычную несамастойнасць. Адна справа — на публіку зацята крытыкаваць кіраўнікоў асобных расійскіх ведамстваў, і зусім іншая — слепа насуперак нацыянальным інтарэсам выконваць пастановы іншага расійскага ведамства.

Сітуацыя, калі ўкраінскія грамадзяне, каб наведаць Беларусь, павінны пытацца дазволу ў Масквы — з’яўляецца пераканаўчым доказам таго, што ў рамках «інтэграцыйных» структураў Беларусь губляе не толькі палітычны суверэнітэт, але і імідж мірнай і гасціннай краіны. Беларусь становіцца закладнікам авантурнай імперскай палітыкі Масквы, яе супрацьстаяння з суседзямі і дэмакратычных светам.

Рух «За Свабоду» выказвае абурэнне забаронай на ўезд у Беларусь Сяргею Жадану. Мы заклікаем беларускія ўлады тэрмінова адмяніць гэтую забарону, а таксама прынесці прабачэнні вядомаму ўкраінскаму пісьменніку.

Мы патрабуем, каб Беларусь праводзіла цалкам самастойную візавую палітыку. Расійскі спіс неўязных не павінен мець ніякага дачынення да нашай краіны. Толькі беларуская дзяржава можа і павінна вырашаць, каго варта ўпускаць, а каго не ўпускаць на тэрыторыю Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0