Пасля паведамленняў аб пуску ракеты КНДР Трамп і Абэ выступілі перад журналістамі з сумеснай заявай. Абэ назваў запуск «абсалютна непрымальным», а Трамп заявіў, што ЗША на сто адсоткаў падтрымліваюць Японію. Фота: Getty Images.
Галоўны сакратар кабінета міністраў Японіі Ёсіхідэ Суга заявіў, што запуск балістычнай ракеты, які ўлады КНДР ажыццявілі падчас візіту прэм'ер-міністра краіны Сіндза Абэ ў ЗША і яго перамоваў з прэзідэнтам Дональдам Трампам, з'яўляецца правакацыяй супраць Японіі і краін рэгіёну, паведамляе РБК са спасылкай на Reuters.
У Белым доме пуск ракеты таксама назвалі правакацыяй, аднак патлумачылі, што ён не стаў сюрпрызам. Пры гэтым адміністрацыя Трампа разглядае шырокі спектр магчымых адказаў на дзеянні Пхеньяна, аж да ўзмацнення санкцый і павелічэння вайсковай прысутнасці ў рэгіёне.
Вядома, што каля 7:55 раніцы па мясцовым часе КНДР здзейсніла запуск ракеты, як мяркуецца балістычнай. Яна, па звестках з Сеула, праляцела каля 500 кіламетраў і ўпала ў Японскім моры, не зрабіўшы шкоды.
Мадэль ракеты і яе характарыстыкі будуць вядомыя пасля апрацоўкі ўсёй інфармацыі аб запуску, пры гэтым амерыканскія ваенныя ўдакладнілі, што ракета наўрад ці была міжкантынентальнай. Паводле папярэдніх звестак з Пентагона, КНДР запусціла ракету сярэдняй дальнасці.
У пятніцу, 10 лютага Трамп і Абэ правялі афіцыйныя перамовы ў Белым доме, пасля чаго адправіліся ў Фларыду, дзе прадоўжылі размову ў ходзе гульні ў гольф. Трамп заявіў пазней, што яны з Абэ «цудоўна бавілі час».