У мінскім выдавецтве «Альфа-кніга» убачыла свет кніга, прысвечаная малавядомым старонкам беларускай вайсковай гісторыі, а менавіта ўдзелу беларусаў у складзе Польскага войска на Захадзе (PSZ) у вызваленні Італіі і Галандыі ад нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны. Наклад новага выдання — 300 асобнікаў.

У савецкія часы пра гэтых людзей на радзіме не ўзгадвалі. Пазней, калі Беларусь стала незалежнай, гісторыкі зрабілі спробы даследаваць гэтую праблематыку. Выйшла некалькі кніг, публікаваліся артыкулы, аднак з імі ў асноўным знаёміліся, адмыслоўцы, а тэма заставалася па-за ўвагай шырокіх слаёў беларускага грамадства.

У новай кнізе кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў прааналізаваў гісторыю Бітвы пад Монтэ-Касіна і аперацыі «Маркет-Гардэн» у Галандыі ў 1944 г., звярнуў увагу на біяграфіі звычайных жаўнераў, якія нарадзіліся у Беларусі і ўдзельнічалі ў згаданых баявых дзеяннях. Акром таго, у гэтым выданні ўпершыню ў Беларусі апісаны асаблівасці ўніформы, рыштунку і ўзбраення жаўнераў Другога польскага корпусу і Першай польскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Варта адзначыць, што кніга «Забытыя героі. Жаўнеры з Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе» багата ілюстравана здымкамі з калекцыі аўтара і розных архіваў.

Сённяшнім беларусам варта зразумець, што лёс беларускіх андэрсаўцаў і дэсантнікаў брыгады Сасабоўскага — гэта важная і неад’емная старонка вайсковай гісторыі Беларусі. Гераізмам гэтых людзей варта ганарыцца і памятаць тых, хто паклаў сваё жыццё і здароўе на алтар перамогі над нацызмам.

Прэзентацыя новай кнігі Ігара Мельнікава адбудзецца ў Бізнэс-клубе «Імагуру» (Мінск, вул. Фабрыцыўса, 4, заля «Nordic»), 14 лютага 2017 года ў 18-30. Уваход вольны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0