Урад і Нацыянальны банк зацвердзілі комплекс сумесных мерапрыемстваў па зніжэнні ўзроўню даларызацыі эканомікі, паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц.

«У мэтах выканання патрабавання кіраўніка дзяржавы Саветам міністраў і Нацыянальным банкам прыняты план мерапрыемстваў па дэдаларызацыі эканомікі», — паведаміў Калечыц на лютаўскім пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі. Поўны тэкст яго выступлення публікуе выданне Нацбанка «Банковский вестник».

Паводле слоў чыноўніка, план «прадугледжвае меры па скарачэнні выкарыстання замежнай валюты ў разліках і пры выплаце збораў, пошлін і іншых плацяжоў, а таксама ў якасці эквіваленту меры кошту пры фармаванні тарыфаў, ставак і цэн».

фота Ірыны Арахоўскай

фота Ірыны Арахоўскай

Калечыц удакладніў, што асноўныя меры зацверджанага плана павінны быць прынятыя ў 2017—2018 гадах.

«Безумоўнае іх выкананне будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню даверу да нацыянальнай валюты. Запаволенне інфляцыйных працэсаў, больш высокая даходнасць па дэпазітах у нацыянальнай валюце ў параўнанні з інвалютнымі, стабільная сітуацыя на валютным рынку, якая сведчыць аб зніжэнні валютных рызык у краіне, фармуюць для гэтага спрыяльны фон», — заявіў Калечыц.

У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц канстатаваў, што ступень даларызацыі эканомікі застаецца ўсё яшчэ высокай.

«Да канца 2016 года доля актываў дзейных беларускіх банкаў у замежнай валюце дасягнула 61,7%. Па стане на 1 студзеня 2017 года доля валютных дэпазітаў у агульнай структуры банкаўскіх укладаў насельніцтва склала 76,3%», — адзначыў Дзмітрый Калечыц.

Пры гэтым ён удакладніў, што ў 2016 годзе акрэслілася тэндэнцыя зніжэння ўзроўню даларызацыі актываў і пасіваў камерцыйных банкаў.

«У межах стварэння ўмоў па павышэнні прывабнасці зберажэнняў у нацыянальнай валюце і ўстанаўленні банкамі больш нізкай прыбытковасці па ўкладах (дэпазiтах) у замежнай валюце Нацыянальны банк рэкамендаваў банкам праводзіць паслядоўнае зніжэнне верхняга ўзроўню працэнтных ставак па ўкладах (дэпазітах) фізічных і юрыдычных асоб», — канстатаваў Дзмітрый Калечыц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?