У студзені некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак сталі звяртаць увагу на вельмі рэзкія выказванні дацэнта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алега Дадонава. Не выбіраючы выразаў, Даданоў кляйміў украінскіх «бандэраўцаў і нацыстаў».

Вось адзін з прыкладаў: «На Данбасе пі…ры не водзяцца. Вы паблыталі, паважаны, Данбас з Украінай. Гэта ў Кіеве гомікі парады праводзяць, і ўлада ў іх під…ая, якая прыйшла праз Майдан». Сваіх апанентаў Дадонаў запрашаў прыехаць да яго на працу ў ПДУ, але папярэджваў: «толькі потым не аба…ся».

Высветлілася, што Алег Дадонаў родам з усходняй Украіны. Ён скончыў універсітэт імя Даля ў Луганску. Працаваў у Навукова-даследчым інстытуце сацыяльна-працоўных адносін Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Украіны (г.Луганск), выкладаў ва ўніверсітэце. Ад лістапада 2008 да мая 2012 працаваў у луганскім філіяле Нацыянальнай акадэміі навук Украіны на пасадах загадчыка аддзела сацыяльных праблем развіцця эканомікі рэгіёну.

У лістападзе 2015 года Дадонаў пераехаў у Беларусь, уладкаваўся старшым выкладчыкам кафедры ўліку і аўдыту Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ад мая 2016 — дацэнт кафедры.

Натуральна, што такія паводзіны кідалі цень не толькі на самога Дадонава, але і на ўвесь Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Грамадскі актывіст Раман Максіменка напісаў скаргу рэктару ПДУ Дзмітрыю Лазоўскаму.

«Прашу адзначыць хамства, абразы, якія дазваляе сабе Алег Дадонаў. Падобныя паводзіны падрываюць не толькі імідж і добрае імя ПДУ, але і ўсёй вышэйшай школы Беларусі», — напісаў Максіменка. Да ліста ён прыклаў спасылкі з фэйсбука.

14 лютага Максіменка атрымаў адказ ад рэктара: «Адміністрацыяй ўніверсітэта з дацэнтам Дадонавым была праведзена гутарка аб неабходнасці годных паводзінаў і выканання агульнапрызнаных нормаў маралі, а таксама былі ўзятыя пісьмовыя тлумачэнні. Па выяўленым факце Дадонаў прызнаў недапушчальнасць ужытай ім лексікі і абяцаў далей не выкарыстоўваць», — адзначаецца ў адказе.

Дарэчы, усе непрыстойныя выразы спакойна застаюцца на старонцы дацэнта ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Вось такі прыклад сваім студэнтам дае Алег Уладзіміравіч Дадонаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?