У Крупках пасьля трох сутак арышту сёньня вызвалены зь міліцэйскага пастарунку жыхар мястэчка Бобр, вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. Яго падазраюць у пашкоджаньні помніка Герою Савецкага Саюзу Васілю Чабатарову.

Алесь Пушкін знаходзіўся ў пастарунку ад 12 траўня. Вось што ён распавёў Радыё Свабода наконт прычын затрыманьня:

(Пушкін: ) «З 9 на 10 траўня здарылася цікавая падзея. Ёсьць у нас у Бобрскай школе помнік Герою Савецкага Саюзу, расейцу-«смершаўцу» Чабатарову Васілю, які ў вайне зьдзейсьніў, нібыта, подзьвіг. Але раней тата мой расказваў, што тая дывізія ЧК-НКВД рабіла вялікія падпалы ў Бабры. І на 61-м годзе вялікай перамогі нехта абліў гэты помнік чорнай фарбай. І прыляпілі надпіс «Далоў расейскіх акупантаў зь дзяржаўных пасадаў незалежнай Рэспублікі Беларусь!». У нас жа міліцыянты прастадушныя такія хлопцы. Яны думаюць сабе: «У каго ж чорная фарба ёсьць? У Пушкіна! Пушкін жа ў нас – адзіны мастак…» Ну, схапілі… Шукалі фарбу. Пяць міліцыянтаў рабілі вобшук – у маёй хаце, у бацькавай. Шукалі за абразамі фарбу».

Але канфіскавалі, паводле Алеся Пушкіна, зусім іншыя рэчы: брашуры Зянона Пазьняка, газэты «Беларуская салідарнасьць» і «Наша ніва», часопіс «ARCHE», налепкі «Дзень памяці паўстанцаў 1863 году»…

Сярод тых, хто браў удзел у затрыманьні мастака, намесьнік начальніка крупскай міліцыі Алег Бяляўскі. Ён паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што расьсьледуецца крымінальная справа, аднак пра дачыненьне да яе спадара Пушкіна казаць адмовіўся.

Мастак абураны сваім 3-суткавым зьняволеньнем:

(Пушкін: ) «Пастаянна вяліся допыты. Некаторыя допыты ім не ўдаваліся, таму што я патрабаваў задаваць пытаньні па-беларуску. І нават падпалкоўнікі не валодалі дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь. Іх цікавіла, дзе я быў у гэты пэрыяд, у ноч з 9-га на 10-га, хто бачыў мяне з маіх знаёмых, з кім я сябрую… Дзяржаўны злачынца! Вось што здарылася ў гэтыя дні ў мястэчку Бобр».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0