Беларускіх армейскіх рэзервістаў выклікаюць на вайсковыя зборы рэгулярна, але сёлета фон такі: на захадзе танкі НАТО ўжо каля самых нашых межаў, а з усходу прадчуваюцца пагрозы Расеі.

Сяргей Лескець з Заскавіч (Маладзечанскі раён), чыя тэрміновая служба скончылася дзесяць гадоў таму, атрымаў позву на зборы, але ў выніку застаўся дома: «Бяруць аднаго па спецыяльнасці і яшчэ двух на падстрахоўку, калі хтосьці адкосіць ці прыйдзе п’яным».

У ваенкамаце ён даведаўся, што план перавыкананы — і трапіў у «рэзерв рэзерву».

Сяргей Лескець кажа, што гатовы выйсці бараніць Радзіму ў выпадку нападу без загаду. На ягоную думку, добраахвотнікам у гэтым плане прасцей, чым дзейным вайскоўцам.

«Калі я працаваў чыгуначнікам і вучыўся завочна, сутыкаўся з чалавекам, які працаваў у Расеі на падводнай лодцы. На пачатку 90-ых, калі паўстала пытанне пра незалежнасць нашых дзяржаваў, яму задалі пытанне, што калі ён застанецца тут працаваць, то можа пайсці ваяваць супраць сваёй краіны. То бок, у той час людзі ўжо пра гэта думалі, і ён адмовіўся заставацца. Вярнуўся ў родны край. Калі ты прафесійны вайсковец, ты павінен умець аналізаваць».

Лескець дадае, што сустракаў людзей, якія гатовыя ісці абараняць краіну не па павестцы, а па поклічу душы.

«Я думаю, што буду адным з першых, хто пойдзе ў гэтых шэрагах. Калі не ты, то хто? Натуральна, што на асноўнае беларускае войска спадзявацца не трэба. Бо ўсе генералы і палкоўнікі пры пасадах і баяцца штосьці страціць, чакаюць загаду. Добраахвотнікам у гэтым плане прасцей, яны проста могуць пайсці бараніць. І я схіляўся, каб у Беларусі не столькі былі гэтыя вайсковыя зборы, якія засталіся ў спадчыну ад СССР, якія нічога не нясуць. А больш пытанні тэрытарыяльнай абароны, штосьці накшталт Нацгвардыі, каб такія пытанні вырашаліся ў лічаныя хвіліны».

На ягоную думку беларускае войска яшчэ не настолькі закасцянела і развіваецца.

«У нас скасавалі ПДВ. Ужо няма франтальнай вайны, войны цяпер гібрыдная. Там таксама ёсць разумныя людзі, якія штосьці намагаюцца рабіць. Іншае пытанне, што ані ў дзяржавы ані ў войска няма грошай на гэта. Гэта асноўная прычына беларускай тэрытарыяльнай абароны. Тут таксама пытанне інстытуту прыватнай уласнасці. Калі ты маеш сваю хату, свой агарод, ты ведаеш, што будзеш бараніць. А так то не ведаю, навошта аўтамат. Улады крыху не давяраюць свайму народу, баяцца яго, таму і не даюць гэтыя аўтаматы».

Войска не трэба баяцца, туды трэба ісці, кажа Лескець.

«Калі хочаш не на словах бараніць, а мець нейкія навыкі, то дзе, калі не ў войску?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?