44-гадовы пісьменнік з Беларусі Сяргей Клімковіч даў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Луганск-1». Гаворка, вядома ж, пайшла пра сітуацыю ва Украіне.

«Я памятаю часы, калі мы смяяліся з «глобуса Украіны». Здаецца, гэта была інфармацыя, дзе гаварылася аб выпушчаным глобусе, на якім пазначана толькі Украіна і нічога больш. Тады гэта здавалася дзівакаватым капрызам украінцаў, падлеткавай свавольствам маладой дзяржавы.

А на самай справе ў гэтым «глобусе Украіны» ужо хаваліся зерне цяперашняй украінскай катастрофы. Адтуль растуць ногі істэрычна-самазакаханага лозунгу «Украіна понад усэ!» Яны цяпер гарлапаняць гэта «понад усэ» так, быццам ад гэтага залежыць іх жыццё», — з месца ў кар’ер рвануў Клімковіч.

Пісьменнік лічыць цяперашнюю ўкраінскую ўладу нацысцкай і не асабліва падбірае выразы, калі пра яе гаворыць.

«Нацыяналізм — адна з формаў псіхічнага захворвання. Я ўпэўнены ў гэтым. Лічыць сябе «понад усэ» — гэта наогул манія велічы. Нацыяналізм вынішчаецца толькі самымі радыкальнымі мерамі, як пустазелле».

Пры гэтым Клімковіч спрабуе пераканаць, што «Украіна — гэта не толькі бандэраўцы-нацыяналісты», а ёсць яшчэ «нармальныя» людзі, якія, праўда, не могуць нічога зрабіць.

«Занадта сур'ёзную стаўку Захад зрабіў на украрэйх. Менавіта на украрэйх, а не на Украіну. Казаў і паўтараю: гніенне Украіны ў інтарэсах ЗША і ў цэлым Захаду. Гэта гніенне аслабляе Расію, аслабляе яе пазіцыі, таму што пры грамадзянскай вайне на межах Расеі можна казаць пра Расею усякую лухту, несці любую ерась, публікаваць любое русафобскае трызненне, а заходні абывацель будзе верыць», — перакананы Клімковіч.

«Расея вымушаная будзе марнаваць рэсурсы не толькі матэрыяльныя, але і рэпутацыйныя, каб падтрымліваць на плаву скажоны паўтруп «сястры». Магчыма, камусьці гэта не падабаецца, але так будзе, таму што ў гэтым сутнасць рускіх і Расіі. Дарэчы, гатоўнасць вярнуцца да ранейшых адносінаў нязменна падкрэсліваў сам Пуцін», — вось так, выходзіць Расія толькі дапамагае Украіне ў складаных момантах.

Сяргей Клімковіч — паходзіць з Барысава. Ён з тых самых Клімковічаў, чый продак напісаў словы да гімна БССР. Сяргей Клімковіч доўгі час служыў у беларускім войску на тэхнічных пасадах. Працаваў для выданняў «Армія», «Во славу Родіны». У 2005 годзе прыняты ў чаргінцоўскі Саюз пісьменнікаў.

У 2016 годзе Сяргей Клімковіч атрымаў дзяржаўную Літаратурную нацыянальную прэмію ў намінацыі дэбют за кнігу «Тайны кватэры №8».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?