Адзін з найбагацейшых бізнэсоўцаў Паўднёвай Карэі, віцэ-прэзідэнт і фактычны кіраўнік кампаніі Samsung Electronics Лі Чжэ Ён арыштаваны ў сувязі з карупцыйным скандалам, які прывёў да імпічменту прэзідэнта краіны Пак Кын Хе, піша Бі-бі-сі.

У студзені суд у Паўднёвай Карэі адхіліў запыт на арышт Лі Чжэ Ёна, але з тых часоў у распараджэнні суда апынуліся новыя доказы.

Лі Чжэ Ён фармальна займае пасаду віцэ-прэзідэнта Samsung. Аднак пасля таго як яго бацька і прэзідэнт кампаніі Лі Гон Хі перанёс інфаркт, Лі Чжэ Ён лічыцца фактычным кіраўніком карпарацыі.

Яго абвінавачваюць у незаконнай перадачы сродкаў у фонды, падкантрольныя Чхве Сун Сіль— сяброўцы прэзідэнта Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе. Лі Чжэ Ён адмаўляе злоўжыванне службовым становішчам.

Раней следства выявіла, што Чхве Сун Сіль незаконна прымушала буйны бізнес ўносіць шматмільённыя ахвяраванні ў два звязаныя з ёй няўрадавыя фонды. Менавіта з расследавання дзейнасці гэтых фондаў пачаўся карупцыйны скандал, які прывёў да абвяшчэння імпічменту Пак Кын Хе.

«Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб на будучых судовых пасяджэннях ўдалося дабіцца справядлівасці», - гаворыцца ў паведамленні Samsung Group, якая таксама настойвае на невінаватасці свайго топ-менеджэра.

Па версіі абвінавачвання, Лі пералічыў 41 млрд вонаў (36 млн даляраў) у адзін з фондаў Чхве Сун Сіль, каб урад, сярод іншага, заплюшчыў вочы на перадачу кіруючай пасады ў карпарацыі па спадчыне.

Следства не выключае, што ахвяраванні можна расцаніць як хабар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0