Гі Верхофстат / EPA

Гі Верхофстат / EPA

Як перадае расійская служба Бі-бі-сі, Еўрапейскі парламент ухваліў рэзалюцыю, прапанаваную экс-прэм'ерам Бельгіі і адказным за перамовы аб «брэксіце» Гі Верхофстатам, пра ўзмацненне цэнтралізацыі Еўрапейскага Саюза і стварэнне пасады міністра фінансаў ЕС і супольнай еўрапейскай арміі.

Верхофстат падтрымлівае федэралізацыю ЕС у процівагу, як ён кажа, нацыяналістам-пратэкцыяністам.

За рэзалюцыю прагаласавалі 283 еўрадэпутаты пры 269 галасах супраць і 83 тых, хто ўстрымаўся.

Адабрэнне Еўрапарламента можа азначаць пачатак рэформы асноватворнай дамовы ЕС.

Бельгійскі палітык лічыць, што ўнутры Еўрасаюза неабходна аддаваць прыярытэт рашэнню большасці краін, не чакаючы адабрэння ўсіх членаў ЕС па тым ці іншым пытанні.

Як адзначаюць карэспандэнты, па сутнасці Верхофстат прапануе абмежаванне або нават поўную ліквідацыю права краін Еўрапейскага Саюза адмаўляцца ад выканання калектыўных рашэнняў.

Віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Франс Тымерманс, аднак, заявіў, што змяненне асноватворных дамоў ЕС цяпер не з'яўляецца прыярытэтам.

Сёлета Еўрасаюз чакаюць выбары ў Францыі, Германіі і Нідэрландах — у кожнай з гэтых краін апытанні паказваюць, што папулісты-еўраскептыкі могуць разлічваць на значную падтрымку насельніцтва.

Так, лідарка французскага «Нацыянальнага фронту» Марын Лё Пэн хоча, каб рашэнне брытанцаў пакінуць Еўрасаюз справакавала эфект даміно ва ўсёй Еўропе.

Гі Верхофстат узначальвае ліберальны блок у Еўрапарламенце і лічыцца лідарам еўрапейскіх федэралістаў, якія выступаюць за пашырэнне і ўмацаванне саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0