У катэгорыю «дармаедаў» нечакана для сябе трапіў і экс-футбаліст нацыянальнай зборнай Антон Амельчанка. У 2015 годзе беларускі галкіпер пачаў сезон у «Растове». 28 чэрвеня ён перабраўся ў варонежскі «Факел», але ўжо праз пяць месяцаў бакі вырашылі спыніць супрацоўніцтва. У тым сезоне галкіпер згуляў усяго тры матчы за клуб ФНЛ [г.зв. першая ліга — НН] і вярнуўся ў Беларусь, дзе яго чакала «прывітанне» з падатковай. Гісторыю апісала Tribuna.com.

— Натуральна, не ўзрадаваўся, калі атрымаў гэты «ліст шчасця» за 2015 год. У тым сезоне я гуляў у «Растове» і «Факеле». Усё гэта адзначана ў працоўнай кніжцы. У тым годзе я не працаваў усяго два месяцы, але для адпаведных органаў гэта стала падставай для таго, каб прысвоіць мне статус «дармаеда», — кажа Амельчанка. — Мы жывем у 21 стагоддзі, інтэрнэт шырока развіты. Калі вы не ведаеце, дзе працуе спартсмен, забіце яго прозвішча ў google. Было рэальна крыўдна, я ж не біў лынды. Чаму я павінен плаціць грошы дзяржаве? Я не атрымліваю нейкіх бясплатных медыцынскіх паслуг, своечасова аплачваю камунальныя рахункі. Прыношу грошы ў дзяржаўную казну, але што рабіць? Закон ёсць закон.

Антону ўсё ж такі ўдалося вырашыць праблему.

— Мая сястра працуе юрыстам. Пайшоў па кансультацыю да яе. Яна сказала, што працоўная кніжка з'яўляецца пацвярджэннем таго, што я не быў дармаедам. У спецыяльных органах мне сказалі: «Дашлі кантракт». Не разумеў, навошта людзям збіраць лішнія паперы, калі ёсць працоўная кніжка? У рэшце рэшт абышоў гэты закон дзякуючы таму, што ў мяне на ўтрыманні ёсць маленькае дзіця (дармаедамі не лічацца бацькі, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў, калі тыя не ходзяць у дзіцячы сад). Напісаў адпаведную паперу. Толькі пасля гэтага мне даслалі дакумент, у якім сказалі, што я не вінен дзяржаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0