Учора вечарам памёр мой дзед Ян Кісель. Ён не дажыў паўгода да дзевяноста год. Нарадзіўся ў 1927 годзе, «калі жалі аўсы».

Гэта значыць, недзе ў ліпені. Дакладнай даты ніхто не памятае. Дзе ж запомніш дату нараджэння кожнага дзіцяці, калі ў сям'і было пяцёра братоў, тры сястры, ды яшчэ, здаецца, двое дзяцей памёрлі ў малым узросце.

Дзед нарадзіўся ў Порпліскім Двары, гэта як ехаць з Докшыц на Крулеўшчыну.

Ягоны бацька Ян быў адным з самых заможных гаспадароў ва ўсёй ваколіцы — меў 58 гектараў зямлі, 6 коней, 20 кароў. Пры Саветах, яшчэ перад вайной з немцам, большую частку гаспадаркі і новую хату забралі ўлады, а сям'ю запісалі ў спісы на дэпартацыю.

Пасля вайны дзед стаў шукаць работу ў Крулеўшчыне. Яму, як «кулацкаму сыну», работы не давалі. Качагарам на паравоз не ўзялі.

Не ўзялі і майстрам у арганізацыю, што абслугоўвала жыллёвы фонд чыгункі, хоць дзед адвучыўся год на будаўнічых курсах у Вільні.

На курсах ён навучыўся мураваць печкі, так некалькі год адрабіў мулярам.

У 1962 годзе дырэктар Крулеўскай школы запрасіў дзеда на пасаду намесніка па гаспадарчай частцы. Дзед добра даваў рады сваім абавязкам, дырэктар казаў, што лепшага заўгаспа ён і не бачыў. Так ён і рабіў у школе аж да пенсіі, да 1987 года.

Дзед быў працавіты і крэпкі. У семдзесят гадоў накошваў касой сена на дзвюх кароў. Колькі памятаю яго, працаваў ад цямна да цямна.

Уставаў а пятай рана, настройваў на кухні прыймач на радыё «Свабода» ці «Голас Амерыкі» — і ішоў упраўляцца з гаспадаркай. Рознай работай ён займаўся аж да самага вечара, аж пакуль хапала сіл. Яшчэ ў 86 год дзед араў мотаблокам гарод, і толькі ў апошнія гады падупаў на сілах, а мінулай зімой стаў адыходзіць ад памяці.

Дзед быў запісаны ў пашпарце палякам. Ён мог гаварыць і ліставацца па-польску са сваякамі, якія ўцяклі ад савецкай улады ў Польшчу і Аўстралію. Чытаў польскія малітоўнікі і польскую, выдадзеную перад вайной у Вільні, кніжку па пчалярстве.

Але дома ды і ўсюды з людзьмі размаўляў па-беларуску.

Калі я быў школьнікам, дзед хваліў Лукашэнку. Бо можна было «браць зямлі сколькі хочаш і рабіць», не тое што пры Сталіне, калі за кожную яблыню бралі падатак. А ў 2010 годзе, пасля Плошчы, я прыехаў да маці, а дзед кажа: «Лукашэнка во перад усім светам апазорыўся. Яму тры вакны разбілі, а ён крычыць, што пераварот».

Вось я тут сяджу, а дзед недзе стаіць перад Божым Судом. Што яму прысудзіць Суддзя? Не ведаю. У Бога заўсёды ён верыў, і людзям нічога благога не рабіў, і ў касцёл хадзіў маліцца, а ў апошнія гады, калі ён занямог, да яго прыязджаў ксёндз — спавядаў і ўдзяляў Прычасце. З іншага боку, ён не быў глыбокім вернікам. Хай жа Гасподзь будзе міласцівы да яго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?