Ужо некалькі дзён уся Беларусь гаворыць пра пратэсты супраць падатку на «дармаедаў». 

Пачынаючы ад пятніцы, бадай на кожнай кухні ды ў кожным аўтобусе любога горада абмяркоўвалі мінскі Марш — ён сабраў тры тысячы ўдзельнікаў ды мільён праглядаў на Youtube за суткі. 

Праз два дні, у нядзелю, да пратэстаў далучыліся абласныя гарады: амаль запоўнілі цэнтральную плошчу гамельчукі, сотні выйшлі ў Магілёве, сотні ў Гродне. 

Што казаць, калі сход некалькіх тысяч і для сталіцы — Падзея, то для абласных гарадоў — звышпадзея. 

У гэтай сітуацыі звяртае ўвагу, пра што пішуць дзяржаўныя «раёнкі» у момант, калі недзяржаўныя СМІ штогадзіну фіксуюць рэкорды наведвальнасці з рэгіянальных IP-адрасоў.

Так, у інфармацыйнай карціне дня сайта дзяржаўнай газеты «Гомельская праўда» не знайшлося месца артыкулу пра сацыяльны выбух у горадзе. Замест гэтага ў раздзеле навін з'явіліся паведамленні пра падрыў аўтамабіля ў самалійскім (!) Магадыша і пра арышт яхты расійскага мільярдэра ў Мадагаскары (!). У суполцы газеты «УКантакце» з'яўляліся допісы з коцікамі ў час, калі некалькі тысяч гамельчукоў мітынгавалі на плошчы. 

Іншая газета — «Гомельскія ведамасці» — засцерагла чытачоў ад моцнага ветру ў панядзелак і заахвоціла прыняць удзел у конкурсе квіткоў на канцэрт «народных артыстаў Расіі». 

Астатнія гомельскія дзяржаўныя выданні за выходныя публікацыямі ў інтэрнэце не адзначаліся. 

Што да Магілёва, то ніводны сайт дзяржаўных газет пра шэсце незадаволеных трэцім дэкрэтам не напісаў, палічыўшы за лепшае навіны пра вынікі конкурсаў на лепшае каляднае аздабленне і дзіцячыя экскурсіі. 

Аналагічнае маўчанне і на навінавых сайтах Гродна дазваляе зрабіць высновы, наколькі дзяржаўныя рэгіянальныя СМІ адлюстроўваюць інтарэсы грамадства, дзеля якога працуюць. 

Дарэчы, калі браць буйныя сайты, то выгляд, быццам бы ў краіне нічога не адбываецца, рабіў толькі «Анлайнер» — «Белта» і «Советская Белоруссія» пра маршы нязгодных з эканамічнай палітыкай уладаў сцісла, але паведамілі.

Чытайце таксама: Тысячы людзей выйшлі ў Гомелі на марш пратэсту: «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі!» ФОТА, ВІДЭА

Чытайце таксама: У Мінску некалькі тысяч чалавек выйшлі на Марш абураных беларусаў

Чытайце таксама: На Маршы «дармаедаў» было ўсяго 3 тысячы, а ў інтэрнэце яго за суткі прагледзеў мільён!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?