Міністэрства транспарту і камунікацый ініцыюе правядзеньне ў Беларусі маштабнай акцыі «Дзень без аўтамабіля».

Як паведаміла БелаПАН прэс‑сакратар Мінтранса Ксенія Перастароніна, падрыхтоўка да акцыі вядзецца ў рамках рэалізацыі даручэньняў кіраўніка міністэрства Ўладзімера Сасноўскага. Плян мерапрыемстваў ужо ўзгоднены з усімі абласнымі выканаўчымі камітэтамі, цяпер вядзецца работа па ўзгадненьні ўмоў правядзеньня акцыі з зацікаўленымі органамі дзяржкіраваньня.

Паводле слоў прэс‑сакратара, мэта акцыі «Дзень без аўтамабіля» — «паказаць людзям, што паветра можа быць чыстым, што з‑за перагружанасьці дарог і магістралей у гадзіны пік дабрацца да месца працы на аўтобусе ці мэтро бывае прасьцей, чым на машыне».

Трэба зазначыць, што 22 верасьня праводзіцца Міжнародны дзень без аўтамабіля. Упершыню такая акцыя прайшла ў францускім горадзе Ля Рашэль у 1997 годзе, а праз год гэтую ініцыятыву падхапіла ўся краіна. У 1999 годзе да Францыі падключыліся Італія і Швайцарыя, пасьля чаго ідэя правядзеньня Міжнароднага дня без аўтамабіля распаўсюдзілася на ўсю Эўропу. У 2007 годзе ў гэтай акцыі ўдзельнічалі 1.353 гарады ў 37 краінах Еўропы і Канадзе.

Паводле слоў спн. Перастаронінай, Мінтранс лічыць мэтазгодным арганізаваць рэгулярнае правядзеньне Дня без аўтамабіля ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. Гэта павінна садзейнічаць зьніжэньню ўзроўню шкоднага ўзьдзеяньня транспарту на навакольнае асяродзьдзе, а таксама паляпшэньню ўмоў дарожнага руху і здароваму ладу жыцьця людзей.

Паводле: Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Менск без машын
Хартыя сеткі «За сьвет без аўтамабіляў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0