Заява з нагоды выключэння Саюза беларускіх пісьменнікаў з пераліку творчых саюзаў

19 лютага ўступіла ў дзеянне пастанова №7 Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 2017 года «Аб вызначэнні пераліку творчых саюзаў», дзе не знайшлося месца для Саюза беларускіх пісьменнікаў — найстарэйшага творчага аб’яднання Беларусі. Сярод заснавальнікаў нашага творчага саюза ў 1934 годзе былі Янка Купала і Якуб Колас, Змітрок Бядуля і Янка Маўр, а ў кіраванні ім удзельнічалі ўсе без выключэння народныя паэты і пісьменнікі Беларусі, у тым ліку Міхась Лынькоў і Аркадзь Куляшоў, Янка Брыль і Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.

Мы лічым, што неўключэнне Міністэрствам культуры нашай пісьменніцкай арганізацыі ў лік творчых саюзаў мае палітычную афарбоўку і з’яўляецца ганебным крокам, які шкодзіць нацыянальнаму і грамадска-культурнаму развіццю краіны, правакуе міжнародны рэзананс і негатыўна ўплывае на імідж нашай дзяржавы. ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» мае дзесяцігоддзямі пацверджаны высокі міжнародны аўтарытэт, разам з 70 пісьменніцкімі саюзамі краін Еўропы ўваходзіць у Еўрапейскую Пісьменніцкую Раду, з’яўляецца правадзейным сябрам Генеральнай асамблеі Рады пісьменнікаў Балтыі.

Ад імя сяброў найстарэйшай творчай арганізацыі краіны патрабуем перагляду пастановы, прынятай Міністэрствам культуры, і вяртання нашаму грамадскаму аб’яднанню статуса творчага саюза.

20 лютага 2017 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0