Помнік Анатолю Сысу гатовы. Ранкам 23‑га ліпеня яго забралі з мастацкага камбінату ў Мінску і выправілі на Радзіму паэта ў Гарошкаў.

Там яго ўсталююць у суботу. А ў аўторак некалькі сяброў Сыса збіралі пад Мінскам камяні.

Апавядае Эдуард Акулін:

‑ Трэба было сабраць валуны, каб умураваць іх пад помнік. На жаль, мала хто адгукнуўся і збіралі гэтыя камяні ўтрох — я, Алесь Наварыч і Генік Лойка. Сёння валуны і помнік ужо па дарозе на Гарошкаў. Але ўсталяванне адбудзецца пазней, трэба яшчэ забетаніраваць усё ды пачакаць пакуль схопіцца бетон. Думаю, што ў суботу будзем ставіць сам помнік на падмурак, на магілу.

Конкурс на лепшы праект помніка Анатолю Сысу быў абвешчаны летась. Лепшай была прызнаная ідэя скульптара Генадзя Лойкі, але бракавала грошай на яго рэалізацыю. Збор сродкаў абвесціў Саюз беларускіх пісьменнікаў, моцна дапамаглі беларускія рок‑музыкі. У лістападзе 2007 году ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены прайшоў дабрачынны канцэрт, усе сабраныя грошы на ім былі перададзеныя на помнік.

Яго аўтар Генік Лойка імкнуўся паспець скончыць працу да траўня гэтага году — да трэцяй гадавіны з дня смерці паэта. Але прыпазніўся на некалькі месяцаў.

‑ Такая ўжо мая натура, вельмі марудна раблю. Прыспешыць аніяк не магу. Ведаю, што можна хутчэй, але даруйце — так выходзіць.

Увечары 23 ліпеня Генік Лойка ўжо будзе ў Гарошкаве, каб падрыхтаваць усё да ўсталявання помніка. Скульптар апавядае, як выглядае яго праца.

‑ Форма каменя, як паганскі крыж, нібы абскубаны часам. Ззаду адпаліраваная паверхня, на якой напісаныя вершы Анатоля, спераду партрэт з надпісам унізе «Сыс» і пазнакай датаў жыцця.

Афіцыйнае адкрыццё помніка Анатоля Сыса плануецца прымеркаваць да дня народзінаў паэта і свята паэзіі ў Гарошкаве. 26 кастрычніка гэтага году беларускаму паэту споўнілася б 49 год.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0