Пост для палітыкаў і эндэашнікаў, для грамадзянскай супольнасці. І для працаўнікоў СМІ, напэўна, таксама.

Учора мы счапіліся з фатографам Уладзем Грыдзіным наконт таго, ці былі прарасійскія настроі на мітынгу ў Гомелі і агучваў іх хтось ці не. І Уладзь мне даказаў-такі, што так, была цётка, якая ў мегафон падзякавала Уладзіміру Уладзіміравічу за магчымасць беларусам працаваць у Расіі. І многія з натоўпу ёй пляскалі ў далоні. А былі і тыя, хто няўхвальна свістаў і гудзеў.

Я разумею, чаму так.

Большая частка Гомеля і ўсёй Беларусі выжывае за кошт працы ў Расіі. Асабліва раёны. Дадайце сюды ахоп расійскіх СМІ.

Уладзь, здаецца, лічыць, што ўсё — капец, ДНР нам забяспечаны. А я лічу, што яшчэ не. І зараз паспрабую растлумачыць чаму.

Некаторыя СМІ і партыі нядаўна адкрылі для сябе «Аднакласнікі.ру». Але тое, што адкрыла я для сябе

там, у ОК, —вельмі важны форум, г.зн. каменты пад тэмамі. Вось там вы сустрэнеце так званы «просты народ». Людзей, якіх некаторыя ў нас называюць проламі.

Публіку, якая ў большасці галасавала за Лукашэнку. Публіку, да якой у ФБ прывыклі ставіцца пагардліва і са смехам: усе гэтыя Матронушкі, дурныя статусы, рэцэпты страў з маянэзікам і іншае. Я сама гэтай пагардлівасцю грашыла.

Пакуль жыццё не прымусіла спусціцца ў апраметную — у каменты на «Аднакласніках». Я ішла туды з дрыжыкамі, бо чытачы патрабавалі мадэрацыі тут і неадкладна.

Ішла з дрыжыкамі… а знайшла людзей там. Злых, у роспачы, дэзынфармаваных, якія спрабуюць разабрацца ў сітуацыі. А яшчэ знайшла там легіён, не, легіёнішча, расійскіх троляў. Колькі я знайшла там актывістаў ад беларушчыны і незалежнасці? Вельмі і вельмі мала, і яны зусім не з зорак ФБ і навін незалежных СМІ.

Мы кінулі ўсю гэтую велізарную публіку (больш за 2,8 млн) на водкуп «ольгінцам».

Не хачу тут выступаць экспертам па «простым народзе». Проста раю, грунтуючыся на сваім досведзе.

Хочаце процідзейнічаць магчымым ДНРам, ідзіце туды, у ОК. Тлумачце ім, спрачайцеся з імі. Ідзіце туды без эфекту «з'яўлення Хрыста народу», без пыхі. Пачынайце руйнаваць прапагандысцкія міфы, пачынайце тлумачыць, падаваць ідэі, запытвацца пра іх меркаванне.

Многія з тых людзей, што сядзяць там, не ўмеюць карыстацца емэйлам або гуглам. Многія з іх не ўяўляюць, што такое фэйк або інфармацыйная бяспека. І зараз такая сітуацыя, што людзі гатовыя слухаць!

Публіка ў ОК больш эмацыйная, менш стрыманая, даверлівая. Даказваючы тролю, што ў нашай краіне праблема з падаткам сапраўды ёсць, чалавек можа выкласці ўсю сваю паднаготную: дзе працаваў, што здарылася, дзе працуе жонка і якая ў яе зарплата і г.д.

Людзі там за тролямі паўтараюць формулы «Без Расеі нам канец», «Расія дапаможа скінуць Лукашэнку», «Нашы тавары нікому не патрэбныя ў ЕС» (о! колькі разоў я гэта чытала!), «Паміж Захадам і Расеяй выбіраць прыйдзецца», «Лепш Расія, на Захадзе паны і тэрарызм». Ну і яшчэ пра «фашысцкі» БЧБ-сцяг, міфічны і магутны БНФ, які ў саюзе з «амерыкосамі» ўвядзе Беларусь у бездань вайны.

Бачыш такое — пачынаеш задаваць пытанні.

А які з двух БНФаў развяжа вайну?

А іх што, два хіба?

Бээнэфаўцы-фашысты падбяруць пад сябе пратэст!

А вы ў курсе, што БНФ не ўдзельнічае ў пратэстах?

Не можа быць, а як жа бээнэфаўскія сцягі?

А яны не бээнэфаўскія. Гістарычныя, беларускія.

Пад імі фашысты ваявалі, ніколі не стану пад такі сцяг!!!

А расійскі трыкалор таксама ненавідзіце, пад ім уласаўцы ваявалі?

І вось падчас такіх размоваў людзі вызваляюцца ад чараў. Пачынаюць думаць, задаваць пытанні. І будзьце ўпэўненыя: вашу размову прачытаюць яшчэ пару дзясяткаў ці соцень чалавек. І панясуць, што прачыталі, на працу, на базар, на двор і да мужчын на піва.

Калі ў дыскусіі персанаж пачынае маніпуляваць, пастаянна мяняць тэму размовы, яму не трэба нічога тлумачыць — гэта троль, у бан.

Пра Расію. Адкрытыя наезды на Расію ўспрымаюцца дрэнна. Многія выжываюць за кошт Расіі. Іншыя людзі атрымліваюць пацверджанне, што вось прыйшоў агент БНФ зрынаць нас у бездань вайны за пячэнькі Сораса. На ўра затое ідзе тэза: «Усіх любім, з усімі сябруем, але ў сваіх праблемах беларусы разбяруцца самі. У нас свая краіна».

Выснова. Дарагія неабыякавыя і лідары, не жадаеце прас*аць дзяржаву — калі ласка, у вас пад носам выдатны інструмент, каб пазмагацца за розумы людзей. Украінцы не паспелі, Данбас аказаўся ў інфармацыйным палоне Расіі. Калі пачаліся цягнікі дружбы і іншае, было ўжо позна. Тролі і прапаганда зрабілі сваю справу.

У нас цяпер народ злы на Лукашэнку як ніколі, проста ў роспачы — многія сапраўды выжываюць, гэтым могуць скарыстацца нядобразычлівыя нашай краіне сілы. Не будзе працы з людзьмі, не будзе годных паводзін лідараў — можам дачакацца вельмі дрэнных рэчаў. Кажучы цэнзурна.

Падпісацца на акаўнт НН у «Аднакласніках» можна тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?