Еўразійская эканамічная камісія ў пытаннях аграпрамысловага комплексу і тэхнічнага рэгулявання лабіруе інтарэсы Беларусі і ігнаруе расійскія прапановы. З такім абвінавачаннем выступіў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт, піша Еўрарадыё са спасылкай на расійскае выданне «Известия».

Данкверт паведаміў, што прапановы Рассельгаснагляду наконт тэхнічнага рэгулявання сутыкаюцца з бяздзейнасцю адказных чыноўнікаў ЕЭК. Як прыклад ён згадаў пастаўкі малака і малочнай прадукцыі. Згодна з тэхрэгламентам, сухое малако забаронена выкарыстоўваць у якасці пітнога. Паводле методыкі, якую зацвердзіла ЕЭК, выявіць наяўнасць сухога малака ў пітным складана. Але праверкі буйных беларускіх перапрацоўшчыкаў малака, якія правёў Рассельгаснагляд, паказалі, што амаль ва ўсіх пробах ёсць сухое малако, а ў некаторых яго доля складае каля 50%.

Па словах Данкверта, у Еўрасаюзе для таго, каб праз якую-небудзь краіну не прайшла забароненая прадукцыя, пасяджэнні адпаведных прадстаўнікоў збіраліся кожныя два тыдні. Іх рашэнні дазвалялі перакрыць несумленныя ці незаконныя каналы паставак. «Але наша Еўразійская камісія пытанні разглядае не кожныя два тыдні і нават не кожныя паўгода. І зразумела, што гэтага дамагчыся немагчыма, калі ключавыя пасады, якія вызначаюць тэхнічнае рэгуляванне, сельская гаспадарка, займаюць нашы беларускія калегі», — абурыўся кіраўнік Рассельгаснагляду.

У ЕЭК журналістам распавялі, што апошнія нарады наконт зменаў тэхрэгламенту па бяспецы харчовай прадукцыі праходзілі ў чэрвені 2016 года. На іх не ўлдалося дасягнуць узгодненай пазіцыі. Калі пройдзе наступная нарада на гэтую тэму, у ЕЭК не ўдакладнілі.

Дарэчы, гендырэктар кансалтынгавай кампаніі Petrova Five Consulting Марына Пятрова адзначыла, што 78% імпартных паставак сыру ў Расію ідзе з Беларусі, а доля Беларусі ў пастаўках сухога малака — 96%. Агулам каля 90% экспарту беларускай малочнай прадукцыі прыпадае на Расію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0