Ад чытачоў «Нашай Нівы» прыйшло паведамленне: «20 лютага па школах Мінскага раёна быў разасланы загад аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама. Змест яго наступны: з цяперашняга часу настаўнікі мусяць штотыднёва паведамляць пра навучанне або працаўладкаванне непаўналетніх, якія пражываюць на замацаванай за настаўнікам тэрыторыі (сярод педагагічных работнікаў гэты працэс называецца «всеобуч»).
Паўстае некалькі пытанняў: наколькі гэты загад адпавядае апошнім паведамленням пра вызваленне настаўнікаў ад непатрэбнай працы? А таксама выклікае абурэнне, што гэтай працай на самой справе павінны займацца органы мясцовай выканаўчай улады, у той час як яе ўзвалілі на настаўнікаў, прычым безаплатна.
Калі загад не будзе скасаваны, настаўнікам застанецца яшчэ менш часу на выкананне сваіх непасрэдных абавязкаў, а таксама яны будуць фактычна адарваныя ад сваіх сем'яў».
Настаўнікі кажуць, што гэта можа быць апошняй кропляй, пасля чаго яны пачнуць выходзіць на Плошчу дзеля абароны сваіх правоў.