У Баварыі прадставілі законапраект, які прадугледжвае ўвядзенне забароны на мусульманскае адзенне, якая цалкам закрывае твар — паранджу і нікаб. Забарона будзе дзейнічаць у школах і універсітэтах. Таксама нельга будзе з'яўляцца ў такім выглядзе на працоўным месцы і кіраваць машынай, паведамляе ВВС.

«Камунікацыя заключаецца не толькі ў словах, але і ўключае знешні выгляд, выраз твару, жэсты», - заявіў міністр унутраных спраў зямлі Яахім Герман.

Ён адзначыў, што звычай хаваць твар супярэчыць культуры зносін, якая існуе ў Германіі. Са слоў міністра, камунікацыя з'яўляецца адной з умоў існавання дэмакратычнага грамадства.

Праціўнікі гэтай забароны кажуць, што яна будзе мець мала практычнага значэння, бо ў Баварыі пражывае не вельмі шматлікая суполка мусульман. На думку праціўнікаў забароны, гэтая мера з'яўляецца папулісцкай і прымаецца з-за надыходзячых федэральных парламенцкіх выбараў, запланаваных на верасень гэтага года.

На думку крытыкаў законапраекта, кіруючая кааліцыя ідзе на папулісцкія крокі з тым, каб стрымаць рост папулярнасці еўраскептыкаў і праціўнікаў прыёму мігрантаў і бежанцаў з партыі «Альтэрнатыва для Германіі».

Абсалютная большасць дэпутацкіх месцаў у мясцовым парламенце належыць Хрысціянска-сацыяльнаму саюзу. Як адзначаюць каментатары, законапраект можа быць прыняты да пачатку летніх канікул.

У снежні мінулага года канцлер Германіі Ангела Меркель упершыню выказалася ў карысць забароны на нашэнне ў краіне паранджы і нікаба. Раней МУС федэральнай зямлі Гесэн забараніла дзяржаўным служачым прыходзіць на працу ў паранджы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?