Палітоляг Аляксандар Фядута пра адмову Сяргея Гайдукевіча і ЛДПБ удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах:

«Думаю, што гэтае рашэньне прынялі за Гайдукевіча. Гэта можа сьведчыць пра тое наколькі Гайдукевіч падрыхтаваны да дыялёгу з уладай. Доўгі час улада дазваляла Гайдукевічу быць дэпутатам парлямэнту, кандыдатам у прэзыдэнты. Гайдукевіч атрымаў ад гэтага шмат дывідэндаў, але ўлада ад гэтага не атрымала нічога. Навошта ёй гэта цяпер? Мяняюцца правілы палітычнай гульні. Лягічна ўзьнікае пытаньне, ці ўпісваецца ў гэтыя правілы паважаны Сяргей Васільевіч? Здаецца, што адмова ад удзелу ў выбарах і дае відавочны адказ на гэтае пытаньне.

Для ўсіх нас відавочна, што ў парлямэнт трапяць толькі тыя людзі, якіх прызначыць улада. І часам складваецца вельмі парадаксальная сытуацыя, калі тыя, каго хацелі б бачыць у палаце прадстаўнікоў, на выбары не ідуць, а тыя, каму месца ў сьпісе няма, наадварот, балятуюцца. Я думаю, што на некаторых акругах, прынамсі ў Менску, выбары адкрыта могуць быць сарваныя. Улада ж рыхтуе новую апазыцыю. Што праўда, пакуль незразумела ці яна будзе ў парлямэнце, ці па-за ім.

А скончыць я хачу старым савецкім анэкдотам. У хворага Іосіфа Бродзкага пытаюцца, чаму ён тут ляжыць і не актыўнічае. Вунь, кажуць, Еўтушэнка ўжо падтрымаў калгасы. «Калі Еўтушэнка за, значыць я — супраць», — адказаў Бродзкі. Так і ў нас сёньня. Калі Гайдукевіч за няўдзел, то гэта лішні довад для апазыцыі, каб не байкатаваць выбары».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?