Матэрыялы для трэцяй кнігі, да якіх прыклаў руку па-ранейшаму ўплывовы, хоць ён і трымаецца ў цені, бізнэсовец Уладзімір Пефціеў, былі прэзентаваныя напярэдадні свята 23 Лютага ў Музеі ваеннай гісторыі Беларусі.

На гэты раз Уладзімір Пефціеў і яго суаўтар гісторык Уладзімір Ліхадзедаў зацікавіліся так званым Скобелеўскім вайсковым лагерам, які больш за сто гадоў таму размяшчаўся пад Баранавічамі. Вялікі вайсковы палігон быў створаны там у пачатку 1890-х і быў названы ў гонар аднаго з герояў руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў генерала Скобелева Міхаіла. У будучай гісторыка-краязнаўчай кнізе будзе расказана пра багатую гісторыю гэтага вайсковага аб'екта ў розных часавых прамежках.

Першай кнігай, у якой Уладзімір Пефціеў фігуруе як сааўтар, стаў выдадзены сумесна з Уладзімірам Ліхадзедавым у 2012 годзе альбом «Храналогія Айчыннай вайны 1812 года на старых паштоўках і ў графіцы». У 2016 годзе бізнэсмен разам з тым жа сааўтарам выпусціў у свет філакратычнае выданне «Святы роўнаапостальны князь Уладзімір». У рэцэнзіі да выдання, прымеркаванага да 1000-годдзя прадстаўлення князя Уладзіміра, Уладзімір Пефціеў быў названы «захопленым краязнаўцам, збіральнікам, мецэнатам, які нямала сіл і часу надае роднай гісторыі і, па сутнасці, з'яўляецца прадаўжальнікам найлепшых традыцый вядомых прадстаўнікоў дзелавой эліты».

Уладзімір Пефціеў у апошні час не фігуруе як актыўны бізнэсмен. У сярэдзіне 2012 года было абвешчана, што ён прадаў кампаніі «Белтэх Холдынг» і «Белтэхэкспарт» невядомаму бізнэсоўцу Дзмітрыю Гурыновічу. Хоць, па дадзеных «Ежедневніка», шэраг кампаній, выведзеных з холдынгу, ён цалкам афіцыйна кантраляваў яшчэ ў 2013 годзе. Паводле інфармацыі з рынку, бізнэсмен за апошнія гады здолеў кампенсаваць страты, якія панёс ад увядзення супраць яго ў 2011 годзе санкцый Еўрасаюза, і акумуляваў значныя інвестыцыйныя рэсурсы.

Як паказалі апублікаваныя ў 2016 годзе дакументы з «Панамскага спісу», нават ва ўмовах еўрасаюзаўскіх абмежаванняў Уладзімір Пефціеў мог абыходзіць іх. Здабыткам грамадскасці стала каля паўтара дзясятка афшорных кампаній, адкрытых паміж 2007—2013 на Сейшэльскіх і Брытанскіх Віргінскіх выспах на імя яго жонкі і дзелавога партнёра Вольгі Макаравай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?