Украінскія хакеры ўскрылі, як расейцы ладзяць антыўкраінскія акцыі ў Польшчы.

Адносіны Польшчы і Украіны нельга назваць ідэальнымі, цяжкім грузам ляжаць такія гістарычныя падзеі, як Валынская разня і больш раннія. Безадказныя палітыкі з абодвух бакоў толькі падліваюць алею ў агонь, замест таго, каб знаходзіць кампрамісы.

Ні для каго не сакрэт, што ў Польшчы ёсць група грамадзян, якія негатыўна ставяцца да ўкраінцаў. Цяпер высвятляецца, што гэткі антаганізм шчодра фінансуецца з Расіі.

Высветлілася, што за антыўкраінскімі акцыямі ў Польшчы стаіць грамадзянін Беларусі (ёсць нават фота яго пашпарта) Аляксандр Усоўскі. Яму 48 гадоў, родам з Белаазерска.

У 2013 годзе Усоўскім у Славакіі зарэгістраваная «Усходнееўрапейская культурная ініцыятыва» (Východoeurópska kultúrna iniciatíva), якая пачынае пошук сродкаў. У выніку Усоўскі выходзіць на Інстытут краін СНД, які ўзначальвае дэпутат Дзярждумы Расіі Канстанцін Затулін.

Усоўскі па-хуткаму накідаў Затуліну свой праект па стварэнні парасонавай прарасійскай арганізацыі, якая будзе працаваць на Венгрыю, Польшчу, Славакію і Чэхію. Месячны бюджэт — $42 тысячы. У выніку Усоўскі стаў пісаць Затуліну аналітыку па гэтым рэгіёне.

Усоўскі стаў уплываць на палітычнае жыццё Польшчы. Напрыклад, ён дамаўляўся з Польскай сялянскай партыяй, каб яна ўключыла ў свае спісы на парламенцкіх выбарах нацыяналістаў з Obóz Wielkiej Polski. Каб у выніку стварыць у Сейме прарасійскую групу. На гэта Ускоўскі прасіў ці многа, ці мала — 285 тысяч еўра.

У выніку спадар Усоўскі абзавёўся сувязямі з польскімі радыкаламі правага і левага толку, еўраскептыкамі. Прыкладна гэтак расійскія спецслужбы працуюць у многіх краінах Еўропы.

Менавіта маргінальныя польскія арганізацыі ладзілі акцыі супраць украінскіх уладаў, а таксама ў падтрымку Наваросіі. На кожную такую акцыю з Масквы прасілі па 3-4 тысячы еўра — на ўлёткі, сцягі, чай, бутэрброды.

Уся перапіска Аляксандра Усоўскага з пошты выкладзеная ў адкрыты доступ. Таксама хакерамі ўзламаны фэйсбук Усоўскага. Цікава, што з перапіскі паўстае асоба прарасійскага блогера з Беларусі Аляксея Дзерманта, які вельмі баіцца, што ўкраінцы зліюць нейкую інфармацыю на яго беларускім «опам».

«Наша Ніва» звязалася з асобамі, якія атрымалі доступ да перапіскі Усоўскага ў фэйсбуку. Найбліжэйшым часам яна таксама будзе выкладзеная ў адкрыты доступ.

Аляксандр Усоўскі, дарэчы, вельмі часта каментаваў фэйсбук Аляксея Дзерманта. Яшчэ ўчора гэтыя рэплікі былі на старонцы Аляксея, але пасля публікацыі хакераў Дзермант выдаліў усе каментары Усоўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?