Выяўлены факт махлярства з боку ўжо былога трэнера-выкладчыка раённага фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі, паведамілі ў Ленінскім РУУС.
Высветлілася, што з 1 верасня 2016 па 31 студзеня гэтага года 47-гадовы мужчына ашуканскім шляхам завалодаў 860 рублямі.
Будучы трэнерам па футболе, ён прапаноўваў дзецям з розных школ наведваць спартыўную секцыю. Калі група сфармавалася, абмяркоўваў з адміністрацыяй школы час правядзення заняткаў і прадастаўленне памяшкання. Бацькам мужчына тлумачыў, што памяшканне ў школе арандаванае — трэба плаціць. Прычым з кожным месяцам усё больш.
Пастаянны рост кошту арэнды пачаў турбаваць бацькоў. Яны звярнуліся ў адміністрацыю фізкультурна-спартыўнага цэнтра. Там патлумачылі: памяшканне для правядзення спартыўных заняткаў у школе прадастаўляецца дырэкцыяй установы адукацыі бязвыплатна.
У дачыненні да мужчыны распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 209 «Махлярства» КК РБ.