Дом у Германіі, у якім жыў былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў разам са сваёй сям'ёй, выстаўлены на продаж. Віла знаходзіцца на возеры Тэгернзе — у элітным раёне пад Мюнхенам. Тут маюць нерухомасць, напрыклад, расійскі мільярдэр Алішэр Усманаў і прэзідэнт нямецкага футбольнага клуба «Баварыя» Улі Хёнэс, піша DW.

Дом Гарбачова, вядомы як «замак Хубертуса», размяшчаецца на ўчастку памерам у 2600 квадратных метраў. Віла ўяўляе з сябе трохпавярховы будынак з агульнай жылой плошчай 570 квадратных метраў плюс прыбудова з гаражамі, пабудаванымі 100 гадоў таму.

«Сонечна і ціха, найлепшае месца ў Ротэн-Эгерне, з відам на горы і, нягледзячы на гэта, недалёка ад цэнтра», — так апісвае ў праспекце размяшчэнне вілы сям'і Гарбачова агенцтва нерухомасці, якое займаецца продажам дома. Маклеры пішуць, што гэта «сапраўдны маленькі палац» — «з гісторыяй», не паказваючы пры гэтым, што гаворка ідзе менавіта пра дом Гарбачова. Сапраўды, уладальніцай лічыцца не экс-прэзідэнт СССР, а яго дачка Ірына Вірганская.

Сям'я Гарбачова валодала гэтым маёнткам на працягу 10 гадоў, паведамляе мясцовая газета Tegernseer Stimme. У 2008 годзе дом быў капітальна адрамантаваны. У ім і цяпер усё ў ідэальным стане, сцвярджаюць маклеры. Залатой сантэхнікі ў доме няма, жыллё не адрозніваецца пампезнасцю, але абстаноўка «высакародная», пагаджаецца з вызначэннем маклераў выданне Merkur.

Пакупнік можа ўехаць у дом у любы момант. Цана — па запыце, напісана ў праспекце. Мясцовыя журналісты ўдакладнілі, што купіць яго можна за сем мільёнаў еўра, што, на іх думку, адпавядае ўзроўню цэн на элітную нерухомасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?