Чым дарагі нам князь Усяслаў Полацкі і чаму менавіта сёлета ёсць нагода яго ўспомніць?
Часта забываюцца, што з ім звязаная першая летапісная згадка пра Мінск. І што
праз пару тыдняў, у сакавіку, споўніцца 950 гадоў ад дня, як на Нямізе сутыкнуліся войскі кааліцыі паўднёвых князёў і полацкія дружыны Усяслава.
Кіеў, які ў тыя часы выконваў ролю «Вялікага брата», хацеў пакараць Полацк за залішнюю самастойнасць. Па выніку выйшла нічыя: палачане не перамаглі, але і захопнікі павярнулі назад.
Наступныя пасля 1067-га гады зрабілі Усяслава легендай на тысячагоддзе.
Ён быў падманам схоплены і кінуты ў падзямельную турму ў Кіеве. Пасля народнае паўстанне ўзнесла яго на княжаскі пасад. Была перамога над качэўнікамі-полаўцамі, якія пагражалі Кіеву, было таемнае вяртанне ў Полацк…
Запраста можна было б зняць пра ўсё гэта серыял, накшталт «Вікінгаў».
Тым больш, што ў жылах Усяслава цякла скандынаўская кроў і ён быў непрадказальны як Рагнар Лодбрак.
Але, пакуль тое кіно, беларускія музыкі стварылі пра Усяслава рок-оперу «Чарадзей».
Гэта праект рок-гурту «У нескладовае» і студэнтаў Інстытута сучасных ведаў імя А.Шырокава.
Чатыры гады музыка Раман Арлоў (дарэчы, адзін з стваральнікаў J:морс і сын пісьменніка Уладзіміра Арлова) разам з камандай, можна сказаць, па кавалках збіралі «Чарадзея».
Рок-опера мае абсалютна аматарскі пачатак, але пры гэтым зроблена на прафесійным узроўні. Гэта можа быць цікавы досвед для вас — пабачыць як на ўласных ініцыятывах людзі робяць цяжкую мастацкую працу.
У праекце ўзялi ўдзел студэнты Інстытута Сучасных Ведаў імя Шырокава, салісты філарманічнага ансамблю «Купалінка» Уладзімір Сцяпанкоў і Вольга Касцючэнка. Рэжысёрам праекта стаў Уладзімір Арцімедаў, музычным афармленнем займаюцца музыкі з гуртоў «У нескладовае», «The Road Dogs», ансамблю «Купалінка» і «Харошкі».
Стваральнікі шоу абяцаюць здзівіць сучасным мультымедыйным афармленнем.
Паводле сюжэту, Усяслаў Чарадзей трапляе ў кіеўскую вязніцу і выклікае сабе на дапамогу Касю, дзяўчыну з сучаснай Беларусі.
Усяслаў адпраўляецца ў будучыню, a Кася падарожнiчае ў мінулае — героі сустракаюцца і…
Але не будзем спойлерыць.
Зірніце лепш пранізлівы тызер оперы:
Фолк-рок оперу «Чарадзей» можна будзе пабачыць 4 сакавіка ў клубе «Бруге» (Партызанскі пр., 6а). Пачатак а 19:00.