У Мінскім гарадскім судзе адбыліся спрэчкі па справе аб двайным замоўным забойстве маладой пары ў снежні 2015 года ў адной з кватэр па вуліцы Алібегава. Паводле інфармацыі родных забітых, для двух абвінавачаных пракурор прасіў прызначыць пакаранне смерцю. Для меркаванай замоўніцы — 15 гадоў пазбаўлення волі.
Аліна Шульганава
Стала вядома, што бок абвінавачання прасіў для абвінавачванай Аліны Шульганавай 15 гадоў пазбаўлення волі. Для абодвух мужчын — пракурор прасіў смяротнае пакаранне, распавялі родныя забітых.
Нагадаем, па версіі следства, прычынай трагедыі стала рэўнасць: 27-гадовая выхавальніца дзіцячага садка Аліна Шульганава хацела вярнуць былога хлопца. Яна папрасіла суседа па доме Аляксандра Жыльнікава (раней судзімага) і яго прыяцеля Вячаслава Сухарку «адправіць» саперніцу ў шпіталь на пару тыдняў — збіць.
А выканаўцы перастараліся і забілі абодвух. На іх целе эксперты налічылі дзясяткі нажавых раненняў. Загінулай было 24 гады, мужчыну — 32.
Суд разглядае адразу дзве крымінальныя справы. Падчас расследавання высветлілася: за некалькі дзён да гэтага мужчыны забілі 59-гадовага мужчыну ў Талачыне. Прычынай сталі грошы — каля 10 тысяч даляраў у доме загінулага.
Аляксандр Жыльнікаў
У судзе Сухарка цалкам прызнаў сваю віну. Жыльнікаў і Шульганава толькі часткова:
— Магчыма, калі б я паведаміла [у міліцыю], я б тут не сядзела як абвінавачаная, — толькі сказала яна.
Выканаўцам расправы (за забойства трох чалавек з карыслівых меркаванняў, разбой і крадзеж дакументаў) пагражае пакаранне аж да смяротнай кары, а заказчыцы (за арганізацыю прычынення траўмаў, якія прывялі да смерці; падрыхтоўка да выкрадання) —немалы тэрмін.
Пацярпелыя (родныя загінулых) прасілі суд аб «справядлівым прысудзе», бо «гэтым гвалтаўнікам і макрушнікам не месца ў нашым грамадстве».
Але адвакат абвінавачанай Шульганавай запэўніваў: безумоўна, яго падабаронная вінаватая, «пытанне — у чым». Ён цытаваў мінчанку, маўляў, хацела толькі сабраць кампрамат на саперніцу і правучыць, каб іншая «зваліла назад» у свой родны горад.
— Роля маёй падабароннай была вызначана як арганізатара, але не з юрыдычнага пункту гледжання. (…) Намер Шульганавай на забойства не бачыцца, — заявіў адвакат.
Вячаслаў Сухарка
Бок абароны настойвае, што фігурантку трэба апраўдаць
Адвакат абвінавачанага Сухарка казала, што пры наяўнасці такой колькасці забітых казаць пра тое, «даказаная віна ці не, — не даводзіцца». Пытанне ў цяжары пакарання.
— Але ўсё перакрэслівае ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса, — сказала адвакат. Нагадаем, артыкул прадугледжвае пакаранне аж да расстрэлу.
— Ці можна прымяніць гэты від пакарання? Вялікае пытанне. (…) У мяне цяжкая сітуацыя. Сухарка пастаянна просіць: расстраляйце мяне, расстраляйце мяне. І мне як адвакату трэба стаяць на пазіцыі майго кліента. Але я не магу!