У Лос-Анжэлесе адбылася 37-я цырымонія ўручэння прэміі найгоршага фільма года — «Залатой маліны» — якая па традыцыі праводзіцца напярэдадні цырымоніі «Оскараў». Галоўны прыз дастаўся дакументальнай карціне рэжысёра Дынэша Д'Соўзы «Амерыка Хілары: Таемная гісторыя Дэмакратычнай партыі», паведамляе ВВС.

Дынэш Д'Соўза, фота Gabriel Olsen

«Амерыка Хілары» — гэта крытычны погляд на Дэмакратычную партыю ЗША. У прыватнасці, Дынэш Д'Соўза абвінавачвае дэмакратаў у сувязях з «Ку-Клукс-Кланам».

«Што тычыцца амерыканскай гісторыі, то адзіны ўрок, які Д'Соўза прыняў блізка да сэрца — гэта словы [амерыканскага шоўмена XIX стагоддзя] Ф. Т. Барнума: «Кожную хвіліну на свет з'яўляецца новы лох», — так адазваўся пра «Амерыку Хілары» кінакрытык выдання Movie Nation.

Фільм Д'Соўзы перамог адразу ў чатырох катэгорыях: найгоршы фільм, найгоршы выканаўца галоўнай ролі — усё той жа Д'Соўза, які сыграў самога сябе; найгоршая рэжысура — зноў Д'Соўза і Брус Скулі, а таксама найгоршая актрыса — Бэкі Тэрнер, якая сыграла Хілары Клінтан, не прамовіўшы у фільме ні аднаго слова.

Гэтай параўнальна малавядомай актрысе ўдалося пабіць такіх экранных «акул», як Джулія Робертс (за фільм «Нязносныя лэдзі»), Наомі Уотс («Дывергент-3: За сцяной») і Меган Фокс («Чарапашкі-ніндзя-2»).

Бэн Афлек і Генры Кавіл атрымалі ўзнагароду як найгоршы акцёрскі ансамбль — за фільм «Бэтмен супраць Супермэна». Фота AFP

Бэн Афлек і Генры Кавіл атрымалі ўзнагароду як найгоршы акцёрскі ансамбль — за фільм «Бэтмен супраць Супермэна». Фота AFP

У катэгорыі «найгоршы рымейк, прыквел, сіквел» найлепшым, то бок найгоршым, аказаўся «Бэтмен супраць Супермэна». Ён жа перамог у катэгорыі «найгоршы сцэнар».

Д'Соўза назваў «Залатыя маліны» свайму фільму «жаласнай помстай тых, хто прайграў».

У інтэрв'ю выданню USA Today ён сказаў: «Людзі ўсё яшчэ шалеюць з нагоды 8-га лістапада [дзень прэзідэнцкіх выбараў], і часткова гэтае галасаванне — гэта апасродкавана злосць на Трампа».

Малабюджэтная карціна выйшла ў пракат у ліпені 2016 года, яе касавыя зборы склалі 13 млн даляраў. Дональд Трамп у твітары заклікаў сваіх прыхільнікаў пайсці і паглядзець «Амерыку Хілары».

На сайце «Залатой маліны» ёсць і аб'ява пра тое, што журы ўсё яшчэ чакае, калі Трамп забярэ сваю «Залатую маліну», якую ён выйграў у 1991 годзе за эпізадычную ролю самога сябе ў фільме «Прывіды гэтага не робяць» («Ghosts can't Do It).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?