«У Беларускай Грэка-каталіцкай (уніяцкай) царкве Вялікі Пост у гэтым годзе пачынаецца ў панядзелак 27 лютага і сканчваецца ў Вербную нядзелю. Пясля яе распачынаецца пост Тыдня Цярпенняў Хрыстовых (Страстны тыдзень). Пасху ў гэтым годзе адзначаем 16 красавіка, — расказаў «Нашай Ніве» айцец Андрэй Буйніч.
— Вернікі намагаюцца прытрымлівацца наступнай дысцыпліны падчас Вялікага Посту і Вялікага Тыдня: у першы панядзелак Вялікага Посту і ў Вялікую Пятніцу — строгі пост (адмаўляемся ад мяса, малочных прадуктаў і яек, таксама абмяжоўваем сябе ў колькасці ежы). Ва ўсе серады і пятніцы згаданага перыяду адмаўляемся ад мяса.
Аднак шмат вернікаў згодна са старажытнай традыцыяй адмаўляюцца ад мяса ва ўсе дні Вялікага Посту і Тыдня Цярпенняў.
Ад посту вызваленыя дзеці да 14 год, ды старэйшыя людзі ад 60 гадоў. Таксама тыя, якія цяжка фізычна працуюць, цяжка хворыя, цяжарныя, маці, якія кормяць грудзьмі, тыя хто падарожнічае, тыя хто вымушаныя харчавацца не ў сябе дома ды жабракі.
Самае важнае, як сказаў жартам адзін украінскі біскуп, гэта не есці адно аднаго! Гэта азначае, што пост не з'яўляецца дыетай, але ён патрэбны нам, каб мабілізаваць свае духоўныя сілы, сканцэнтравацца на духоўным жыцці, паўстрымацца ад сварак…
Пост павінен дапамагаць нам у малітве і падрыхтоўцы да Таямніцы Споведзі. Менавіта да гэтай апошняй практыкі я і хацеў бы заахвоціць чытачоў «Нашай Нівы», — нагадвае айцец Андрэй Буйніч.
Айцец Андрэй Буйніч.