З улікам дэфіцыту сінтэтычных наркотыкаў у Беларусь вяртаюцца традыцыйныя — апіоіды, амфетамін. Акрамя таго, нарказалежныя сталі пераходзіць на медыкаменты. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 27 студзеня заявіў Андрэй Саладоўнікаў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС.
— Мы блакуем інтэрнэт-прастору. За 2 гады спынена дзейнасць больш як 200 інтэрнэт-крамаў, абмежаваны доступ з тэрыторыі Беларусі 41 сайта, заблакавана больш за тысячу электронных кашалькоў, якія выкарыстоўвалі злачынцы, — распавёў прадстаўнік МУС.
Гэтыя крокі, паводле яго слоў, дазволілі змяніць структуру наркарынку: «сінтэтыка» апынулася ў дэфіцыце, адбылося вяртанне да так званых класічных наркотыкаў. Зараз яны займаюць 70% наркарынку, сінтэтычныя (спайсы) - 30%. Да прыняцця дэкрэта № 6 і наступных антынаркатычных мер гэтыя суадносіны былі процілеглымі.
— У пачатку 2014 года быў прыняты дэкрэт № 1, які рэгулюе абарот насення маку. Тым самым мы спынілі пастаўку і выраб апіоіднай групы ў Беларусі. Але з улікам таго, што цяпер структура мяняецца, хтосьці пачынае вырошчваць на сваіх угоддзях, хтосьці увозіць з-за межаў краіны, — растлумачыў Саладоўнікаў.
Паводле звестак МУС, у 2016 годзе з незаконнага абароту было канфіскавана 23,3 тоны насення маку, распачата 139 крымінальных спраў.
Андрэй Саладоўнікаў таксама паведаміў, што наркаспажыўцы сталі часцей выкарыстоўваць медыкаменты. Так, тыя, хто стаіць на ўліку ў наркадыспансеры, перапрадаюць свае лекі, атрыманыя па рэцэпце. Акрамя таго, у саматужных лабараторыях вырабляецца так званы «вінт» — сінтэтычны наркотык з лекавага сродку псеўдаэфедрыну. У Польшчы можна без рэцэпту купіць медыкаменты, у якіх ён утрымліваецца.
Маштабы ў медыкаментознай наркаманіі пакуль несур'ёзныя, паведаміў Саладоўнікаў.