Учора Белстат апублікаваў даныя аб узроўні беспрацоўя. Яны адрозніваюцца ад тых, якія мы прывыклі бачыць у афіцыйных справаздачах. Гэта даныя аб фактычным беспрацоўі за 2016 год, піша tut.by.

Што адбылося?

Беларусы даведаліся пра ўзровень фактычнага беспрацоўя ў чацвёрты раз у сучаснай эканамічнай гісторыі. Упершыню гэта здарылася ў 1999 годзе. У Беларусі ў той год прайшоў першы пасля распаду СССР перапіс насельніцтва. Тады была трохзначная інфляцыя, множнасць валютных курсаў і заробак у 40 даляраў. На фоне такіх эканамічных праблем узровень беспрацоўя ў 6,2% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (паводле даных перапісу) наўрад ці мог некага здзівіць. Афіцыйна зарэгістраванае беспрацоўе ў 1999 годзе было амаль утрая меншым — 2,2%.

Наступнай лічбы мы чакалі 10 гадоў — да наступнага перапісу. 2009 быў таксама далёка не ідэальным годам. Першы з 2000 года валютны крызіс. Глыбокае падзенне экспарту і ўнутранага попыту. Моцнае пагаршэнне ўмоў гандлю нафтапрадуктамі. У такіх умовах узровень беспрацоўя складаў 6,1% на фоне 0,86% афіцыйна зарэгістраваных.

Трэці раз лічбу фактычнага беспрацоўя апублікаваў Нацбанк. Было гэта ў 2012 годзе. Абследаванне хатніх гаспадарак па пытаннях занятасці толькі пачалося, эканоміка расла толькі за кошт «растваральнікаў» і пакрысе адыходзіла ад глыбокага валютнага крызісу 2011 года. Нацбанк апублікаваў майскі вынік новага абследавання Белстата — 5,6% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Афіцыйна зарэгістраваныя беспрацоўныя ў той час былі зусім рэдкім відам — іх набралася ўсяго 0,65% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

Нарэшце, сёння Белстат апублікаваў даныя за 2016 год. Беспрацоўных летась аказалася 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

А што тады азначае афіцыйная лічба ў 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва?

Давайце разбярэмся ў вызначэннях. Эканамічна актыўнае насельніцтва — гэта тыя людзі, якія працуюць (занятыя) або не працуюць, але актыўна шукаюць працу (беспрацоўныя). Калі з занятымі ўсё больш-менш ясна, то з беспрацоўнымі — не зусім. Паводле афіцыйнай версіі, беспрацоўныя — гэта людзі, якія атрымалі статус беспрацоўнага ў службе садзейнічання занятасці. Гэта значыць, лічба, да якой мы прывыклі — гэта ўзровень афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўя.

У перапісах і ў абследаванні хатніх гаспадарак па пытаннях занятасці Белстат выкарыстоўвае прынятае ва ўсім свеце вызначэнне Міжнароднай арганізацыі працы. Згодна з гэтым азначэннем, беспрацоўным лічыцца той, хто (а) сам называе сябе беспрацоўным, (б) актыўна шукае працу і (у) гатовы прыступіць да працы ў самыя кароткія тэрміны (у бліжэйшыя 2 тыдні). Паколькі ў Беларусі рэгіструюцца далёка не ўсе такія людзі, то колькасць фактычных беспрацоўных у нас традыцыйна вышэйшая, чым колькасць зарэгістраваных беспрацоўных.

А чаму беспрацоўных у Беларусі заўсёды было больш, чым рэгістравалася?

Асноўная прычына — занадта малы памер дапамогі па беспрацоўі, якую можна атрымліваць не больш за 6 месяцаў. Напрыклад, калі б зарэгістраваным беспрацоўным трэба было плаціць «падатак на дармаедаў», то дапамогі не хапіла б. Але яе атрымліваюць далёка не ўсе зарэгістраваныя беспрацоўныя, а прыкладна палова з іх. А яшчэ для атрымання дапамогі трэба ўдзельнічаць у грамадскіх працах. Фактычна выдаткі атрымання статусу зарэгістраванага беспрацоўнага перавышаюць выгады, таму беспрацоўныя беларусы больш ахвотна абыходзяцца без рэгістрацыі.

Дарэчы, у некаторых краінах на біржу працы становяцца нават тыя, хто працуе (у ценявым сектары) — там дапамога большая, чым у нас, а патрабавання ўдзелу ў грамадскіх работах няма. Таму часам зарэгістраванае беспрацоўе перавышае фактычнае, што, дарэчы, таксама кажа аб недахопах у «дызайне» сацыяльнай абароны беспрацоўных.

Калі нам так доўга «падсоўвалі» заведама заніжаныя даныя, то ці можна давяраць новым лічбам ад Белстата?

Можна. У аснове абследавання хатніх гаспадарак па пытаннях занятасці ляжыць стандартная метадалогія абследавання рабочай сілы. Распрацоўваць і ўкараняць абследаванне нам дапамагаў Сусветны банк. Абследаванне ахоплівае 7 тысяч хатніх гаспадарак штоквартальна, або 28 тысяч хатніх гаспадарак у год — ні адна арганізацыя, якая займаецца вывучэннем грамадскай думкі ў Беларусі, не робіць нічога супастаўнага па ахопе. Менавіта на аснове такіх даных праводзяцца даследаванні рынку працы і рыхтуюцца рэкамендацыі для сацыяльна-эканамічнай палітыкі ва ўсім свеце.

Сенсацыя! У Беларусі высокае беспрацоўе!

У пэўным сэнсе гэта сапраўды сенсацыя. Многія чакалі, што ва ўмовах такога працяглага спаду беспрацоўе акажацца на пару працэнтных пунктаў большым. Але на самай справе ўзровень беспрацоўя ў нас супастаўны з расійскім (там у канцы 2016 года было 5,4%), значна менш, чым ва Украіне (9,6% у 3 квартале 2016 года), Латвіі (9,8% у 3 квартале 2016 года), Літве (7, 5% у канцы 2016 года) і нават трохі менш, чым у Польшчы (6% у канцы 2016 года). Гэта значыць, што бізнэс адаптаваўся да крызісу не толькі (і не столькі) праз скарачэнне занятасці, але і праз зніжэнне заробкаў. А яшчэ — што беларусы сапраўды актыўна шукаюць працу. Аналагічныя механізмы дзейнічалі на рынку працы ў Расіі.

Якая розніца, колькі беспрацоўных — усё роўна гэта не паўплывае на эканамічную палітыку…

Сапраўды, усе афіцыйныя дакументы да гэтага часу арыентаваліся на афіцыйна публікаваны паказчык — колькасць зарэгістраваных беспрацоўных. Зыходзячы з гэтай лічбы планаваліся выдаткі бюджэту на падтрымку беспрацоўных і садзейнічанне занятасці. Наглядны прыклад наступстваў выкарыстання даных аб зарэгістраваным, а не аб фактычным беспрацоўі — з'яўленне дэкрэта аб «сацыяльным утрыманстве». Калі б на момант ацэнкі сітуацыі яго аўтарамі прымалася пад увагу колькасць у 200-250 тысяч беспрацоўных, а не 40 тысяч, то дэкрэт, магчыма, не з'явіўся б.

То бок адкрытае прызнанне таго факту, што беспрацоўе ў Беларусі прыкметна вышэйшае за 1%, можа і павінна стаць падставай для перагляду стратэгіі садзейнічання занятасці, бюджэту і заканадаўства аб сацыяльнай абароне. І яшчэ адным маленькім крокам на шляху да фармавання даверу да ўлады з боку грамадства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0