Мінгарвыканкам знаходзіць гаспадароў для апошніх свабодных участкаў у Вяснінцы, у так званым пасёлку «Дразды-2».
Нагадаем, у кастрычніку 2016 года зямля дасталася старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай. Як стала вядома «Нашай Ніве», раздача элітнай зямлі працягнулася.
Новым жыхаром «Драздоў-2» стане 49-гадовы старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель.
Фота Sputnik.by.
Рашэнне Мінгарвыканкама №400/1 аб выдзяленні 15 сотак зямлі ў водаахоўнай зоне датуецца 2 лютага 2017 года.
Нагадаем, зямля пад будаўніцтва катэджаў у Мінску размяркоўваецца наступным чынам: спачатку яе мусяць прапанаваць шматдзетным сем’ям з чаргі. Калі ахвотных няма, надзел выстаўляецца на аўкцыён. Участак Шэпеля ў свабодны доступ не трапляў.
Найбліжэйшымі суседзямі старшыні Паралімпійскага камітэта стануць згаданая вышэйзгаданая Наталля Качанава, а таксама беларуска-расійскі касманаўт Алег Навіцкі.
Дом Шэпеля будзе наўпрост за домам Качанавай. Пакуль будоўля не пачыналася.
Хто такі Алег Шэпель? Ён нарадзіўся ў вёсцы пад Быхавам у 1969 годзе. У раннім узросце страціў маці, а бацька аддаў хлопца ў Шклоўскі дом-інтэрнат для дзяцей з паслабленым зрокам. Алег займаўся спортам і патрапіў у зборную СССР, у складзе якой перамог на Паралімпіядзе. Усяго ж у Шэпеля пяць залатых медаляў у савецкай і беларускай зборных. Таксама ў біяграфіі пазначаныя перамогі на чэмпіянатах свету і Еўропы па міні-футболе.
Калі Шэпель ўзначаліў Таварыства інвалідаў па зроку (16 тысяч чалавек), ушчыльныю заняўся бізнэс-структурай БелТіЗ — вытворчасць самай рознай тэхнікі, электрабытавых прыбораў, цвікоў… Апроч таго, таварыства валодае сеткай гатэляў.
З 2002 года Шэпель узначальвае Паралімпійскі камітэт. Летась ён трапіў у скандал, калі паабяцаў выйсці на цырымонію адкрыцця Гульняў-2016 не толькі з беларускім, але і расійскім сцягам у знак салідарнасці з суседзямі, дыскваліфікаванымі за выкарыстанне допінга. Сам Шэпель зрабіць перфоманс не рашыўся, дэлегаваўшы абавязак Андрэю Фомачкіну.
Сам Фомачкін атрымаў кватэру ў Падмаскоўі. А вось Шэпелю дастанецца дом у «Драздах-2».
* * *
Чытайце таксама: