Раніцай 1 сакавіка неабыякавыя да лёсу Курапатаў накіраваліся на прыём да старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца. Сярод іх — грамадскія актывісты, архітэктары, палітыкі і прадстаўнікі мясцовых жыхароў з раёна забудовы на вуліцы Мірашнічэнкі.

«Старшыня Мінгарвыканкама ў курсе сітуацыі, і калі сёння не будзе спынена забудова, мы працягнем яшчэ больш актыўныя рухі па абароне Курапатаў», — сказаў у каментары «НН» Павел Севярынец.

На сустрэчу са старшынёй гарвыканкама ўчора былі дэлегаваныя чатыры чалавекі:

Марат Гаравы ад экспертаў; Юрый Сцепанішчаў ад мясцовых жыхароў; Аляксей Янукевіч — Партыя БНФ; Павел Севярынец — БХД.

У выніку да Шорца сёння прапусцілі гэтых чатырох чалавек без журналістаў і экспертаў. Каля 20 чалавек засталіся чакаць вынікаў на ўваходзе ў мэрыю.

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

А 10-й сустрэча не пачалася, Павел Севярынец патэлефанаваў і сказаў, што чатыры абаронцы Курапатаў, унесеныя ў спіс для сустрэчы са старшынёй гарвыканкама, чакаюць ля кабінета і будуць патрабаваць, каб прапусцілі жыхароў, журналістаў і іншых людзей, якія знаходзяцца ў фае.

Акрамя абаронцаў саміх Курапатаў, тут шмат тых, хто незадаволены адносінамі забудоўшчыка да мясцовых жыхароў. Жыхарка дома па вуліцы Мірашнічэнка, 53 Вольга прыйшла сёння, бо спадзяецца, што пад яе вокнамі нарэшце спыніцца будоўля, пра якую яны дазналіся толькі па факце, калі на месцы працавалі трактары: «Мы жадаем, каб нам далі магчымасць садзіць там дрэвы і каб гэта месца належала людзям».

Але людзі думаюць, што сам Шорац не мае паўнамоцтваў прыняць такое рашэнне і сёння наўрад ці будуць нейкія вынікі ад сустрэчы.

Падтрымаць пратэстоўцаў таксама прыйшлі прэс-сакратар ГА БАЖ Барыс Гарэцкі, блогер Антон Матолька, актывістка Ніна Багінская. Жанчына, нягледзячы на ўзрост, з'яўляецца заўсёдніцай такіх мерапрыемстваў: «Я маю гонар чалавекам звацца. А людзі дбаюць і пра душу, якая ў мяне зараз баліць за любімую Беларусь, таму я тут».

***

Пакуль у кабінеце ідзе размова з Шорцам, да журналістаў звярнуўся адказны сакратар управы сойма КХП БНФ, старшыня камісіі сойма па Курапатах і Чарнобылю Алесь Чахольскі і аб'явіў пра пачатак збору сродкаў на крыжы, які сёння па іх ініцыятыве запушчаны на краўдфандынг-платформе Талака. бай. «Сябры, я звяртаюся да усёй нашай грамадскасці, мы разам мусім сабраць грошы на крыжы і зрабіць гэта як мага хутчэй, за некалькі месяцаў».

12:12

Па словах Дзяніса Садоўскага, Шорац паабяцаў, што як мінімум тыдзень будаўніцтва не будзе весціся. Пытанне будзе далей вывучацца. Выснова: перамогі няма, але і будаўніцтва не аднаўляецца. Такім чынам будаўніцтва спыніцца як мінімум на тыдзень. Улады не супраць мемарыялу, але не лічаць на гэты час будаўніцтва незаконным. У пятніцу ў 18.00 у Курапатах чакаецца грамадскі мітынг

***

Пратэсты на будаўнічай пляцоўцы ля Курапатаў трываюць другі тыдзень. Актывісты і мясцовыя жыхары пратэстуюць супраць пабудовы офіснага цэнтра на пляцоўцы, якая лічылася ахоўнай зонай Курапатаў. У выніку пратэстаў будаўніцтва замарожанае з мінулай пятніцы, частка тэхнікі выведзеная. У гэты дзень актывіст Сяргей Пальчэўскі прыкуў сябе кайданкамі да МАЗа, патрабуючы спыніць будаўніцтва. Яго паспрабавалі затрымаць, але актывісты адбілі хлопца.

На вечар наступнай пятніцы запланаваны грамадскі сход у Курапатах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?