Праблема працаўладкавання людзей старэйшага ўзросту ў Беларусі зрушылася з мёртвага пункта, сцвярджаюць эксперты рынку. І прычынай пазітыўных пераменаў сталі, як ні дзіўна, высокія тэхналогіі, што актыўна ўкараняюцца ў нашай краіне ў апошнія гады.

Знайсці свайго працадаўцу

«Назіраецца станоўчая дынаміка ў параўнанні з мінулымі гадамі ў дачыненні да працаўладкавання людзей старэйшага ўзросту. Гэта тычыцца людзей не толькі ва ўзросце 45+, але і 50+, 55+. Эксперты лічаць, што праблем з працаўладкаваннем гэтай катэгорыі работнікаў няма — праблема ў галовах у тых, хто шукае працу. Аднак ёсць тонкасці ў тым, каб у гэтым узросце захоўваць перавагі перад іншымі суіскальнікамі. Мне вядомы прыклад, калі на «Амкадоры» самаму лепшаму супрацоўніку на адным з участкаў споўнілася 78 гадоў. Яго немагчыма замяніць, кожны год ён спрабуе сысці на пенсію і яго ўгаворваюць папрацаваць», — распавядае Святлана Карасцялёва, дырэктар кадравага агенцтва «Квадрат».

Паляпшэнне сітуацыі на рынку працы для людзей старэйшага ўзросту эксперт тлумачыць шэрагам прычын. Найбольш істотныя з іх — высокая кваліфікацыя такіх работнікаў, іх прадказальныя паводзіны, сфармаваныя прафесійныя сувязі ў сваім асяроддзі.

«У асноўным, беларускі бізнэс ствараўся ў 90-я гады тагачаснымі 20—30-гадовымі людзьмі. Сёння, калі ім 45—50 гадоў, многія сталі паспяховымі бізнэсменамі, і яны запрашаюць на працу людзей прыкладна роўнага з імі ўзросту. Пры выбары кандыдатаў старэйшага ўзросту ў працадаўцаў ёсць некалькі істотных пераваг. Ён атрымлівае лаяльнага супрацоўніка, з пэўным складам розуму, характару. Такі супрацоўнік, калі ён яшчэ будзе заахвочаны працадаўцам у выглядзе магчымасці навучання, не будзе часта мяняць працу. Ён разумее, што на рынку працы такіх працадаўцаў няшмат. Ён будзе трымацца за такое працоўнае месца, імкнуцца працаваць там да наступлення пенсіі і пасля яе. Працадаўцу выгадна яго ўзяць на працу яшчэ і таму, што гэтыя людзі адэкватна ацэньваюць сітуацыю і іх зарплата на 20—30% ніжэйшая, чым у чалавека самага запатрабаванага ўзросту, 28—35 гадоў», — распавядае Святлана Карасцялёва.

Яна ўдакладняе, што найбольш запатрабаваныя сферы для работнікаў ва ўзросце 50+ з'яўляюцца фінансавая, інжынерная, праектная дзейнасць. Адносна новымі на працоўны рынак у гэтым сегменце выйшлі прафесіі маркетолага, лагіста.

У сваю чаргу суіскальнікам ва ўзросце 50+ у пошуку працы неабходна рабіць упор на сваёй кваліфікацыі, навыках, ведах у прафесійнай вобласці. Суіскальніку такой катэгорыі знайсці працу складаней, але не нашмат — трэба проста шукаць свайго працадаўцу, упэўнена дырэктар кадравага агенцтва «Квадрат».

Досвед прыходзіць з узростам

Па статыстыцы, сярод асобаў, якія стаяць на ўліку па беспрацоўі ў сталіцы, людзі старэйшыя за 50 гадоў займаюць 21%. У пошуках працы яны карыстаюцца рознымі крыніцамі, у тым ліку размяшчэннем рэзюмэ на спецыялізаваных рэсурсах. Так, у кастрычніку-лістападзе 2016 года рэзюмэ кандыдатаў ад 50 гадоў і старэйшых склалі каля 5% ад агульнай колькасці рэзюмэ, размешчаных на сайце rabota.tut.by. Больш за ўсё рэзюмэ ў кастрычніку-лістападзе 2016 года прыйшлося на прафесійныя вобласці «вытворчасць» (14,5%), «будаўніцтва» (10,4%) і «транспарт» (9,1%).

«Варта адзначыць, што сёння ўказанне абмежаванняў па ўзросце ў вакансіях, якія не звязаны з дзелавымі якасцямі і не абумоўлены спецыфікай працы, лічыцца дыскрымінацыяй і забаронена беларускім заканадаўствам. Людзі старэйшага ўзросту, як правіла, найбольш запатрабаваныя на пазіцыях, дзе неабходны вялікі, экспертны досвед працы ў адпаведнай прафесійнай сферы», — пракаментавала Святлана Шапарова, дырэктар РАБОТА.TUT.BY.

Не адчайвацца ў любым узросце

Транспарт займае трэці радок у рэйтынгу па колькасці пададзеных рэзюмэ. Гэта не выпадкова: сярод немаладых людзей нямала тых, хто мае шматгадовы досевд кіравання аўтамабілем. Рана ці позна, свядома ці вымушана яны вырашаюць паспрабаваць сябе ў сферы перавозкі пасажыраў. Балазе, магчымасці сёння ёсць. Сярод такіх — 62-гадовы Мікалай Масалевіч, самы рэйтынгавы кіроўца Uber у Мінску: яго сярэдняя адзнака па выніках прыкладна 3 тысяч паездак складае 4,96 з 5.

У свой час ён закрыў уласны бізнэс, займаўся трансферамі і экскурсіямі, а потым адгукнуўся на аб'яву аб запрашэнні кіроўцаў да супрацоўніцтва. Мікалай баяўся, што будуць складанасці, але ў Uber пра ўзрост яго нават не спыталі. Мужчына нават спачатку падумаў, што ў кампаніі не ведаюць яго сапраўднага ўзросту, але супакоіўся: «Ведаюць, вядома, я ж пашпартныя дадзеныя падаваў, але лічба нікога не збянтэжыла».

«Звычайна гэта галоўная праблема: глядзяць не на прафесіяналізм, а на дату ў пашпарце. Не трэба — вы ў працы мяне выпрабуйце», — тлумачыць ён. Мікалай Масалевіч успамінае, што самым складаным у працы з інавацыйным сэрвісам было асвоіць працу з мабільным дадаткам і са смартфонам. А самым важным урокам — не адчайвацца ў складанай сітуацыі. «Калі я закрыў бізнэс і мяне не бралі на працу, я не зняверыўся. Спачатку мяне выручылі экскурсіі, якія арганізоўваў на мікрааўтобусе. А калі і гэта сфера перастала карміць — на выручку прыйшоў Uber, для якога важны не мой узрост, а жаданне працаваць, працавітасць, адказнасць і іншыя асабістыя і прафесійныя якасці, — адзначае кіроўца.

Партнёрства, прафесіяналізм і ўцягнутасць

У Uber пацвярджаюць словы свайго партнёра. «У жыхароў вялікіх гарадоў з'яўляюцца новыя магчымасці годнага заробку. Супрацоўнічаць з намі зручна: кіроўцы-партнёры могуць гнутка планаваць свой працоўны дзень і самі вызначаць, якую колькасць часу правесці на платформе, што дазваляе эфектыўна сумяшчаць супрацоўніцтва з Uber з іншымі прафесійнымі праектамі і асабістымі справамі, напрыклад, з клопатам пра сяброў, сям'ю, унукаў», — адзначае дырэктар па камунікацыях Uber у Расіі і СНД Ірына Гушчына.

Uber працуе з юрыдычнымі асобамі або індывідуальнымі прадпрымальнікамі, зарэгістраванымі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Сэрвіс актыўна прыцягвае да супрацоўніцтва людзей старэйшага ўзросту ва ўсім свеце. У 2015 годзе Uber у ЗША стаў партнёрам некамерцыйнай арганізацыі AARP, мэтай якой стала прыцягненне ўвагі да праблемы занятасці людзей ва ўзросце. Таму беларускія кіроўцы ва ўзросце 50+ могуць не адчуваць страху ў пошуках занятасці: узрост — не перашкода партнёрству з Uber, да таго ж знікне дылема: працаваць ці радзей бачыць унукаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0