Бунты «дармаедаў» вывелі на вуліцу людзей, раней не ангажаваных у палітыку: гэта не толькі беспрацоўныя, але і простыя рабацягі, якіх дастала безграшоўе, якія хочуць жыць годна. Разам з імі і бацькі, якім прыкра за лёс дзяцей, пакрыўджаныя іпэшнікі ды шмат хто яшчэ.

Людзі кажуць «не» эканамічнай палітыцы ўладаў, да непрыняцця дадаецца злосць, якая адгукаецца нянавісцю ўжо да Лукашэнкі як да аўтара мадэлі.

У такой сітуацыі сам пратэст нараджае новых лідараў.

Віцебск, Баранавічы, Брэст — тамтэйшыя жыхары глядзеліся яскрава, моцна.

«Наша Ніва» вырашыла пагаварыць з гэтымі людзьмі з рэгіёнаў, людзьмі са свежымі ідэямі. Усе яны кажуць, што ім абрыдлі адны і тыя ж фігуры на дошцы беларускай палітыкі.

Першы з іх — Міхаіл Стрэльчык. Ягоны палымяны выступ на баранавіцкай Плошчы за суткі набраў 15 тысяч праглядаў на ютубе. Многія цікавіліся гэтым чалавекам, які так трапна і жорстка крытыкаваў улады, — пасля акцыі яго яшчэ гадзіну не адпускалі людзі. 

Што расказаў «Нашай Ніве» 33-гадовы магістр міжнароднай эканомікі?

Міхаіл скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ і магістратуру (тэма дысертацыі — «Прыцягненне прамых замежных інвестыцый у Беларусь з 1991 па 2011 год»), скончыў таксама ваенную кафедру.

Работу пачынаў на заводзе — у аддзеле знешнеэканамічнай дзейнасці «Белшыны», пасля працаваў у Індыі, пасля ў сферы лагістыкі. 

Мужчына кажа, што ў беларускай сістэме каардынат не належыць да апазіцыі і не падтрымлівае яе метады.

Міхаіл мяркуе, што вынікам хвалі народных пратэстаў мусіць стаць з’яўленне новай палітычнай сілы, якая рэальна будзе карыстацца падтрымкай народу, бо будзе ягоным параджэннем.

«Сёння людзі выйшлі выключна па эканамічных прычынах. Ім крыўдна, што трэба кідаць сем’і, каб зарабіць грошай, што мала плоцяць — безвыходнасць у людзей. Яны хочуць, каб іх пачулі. А як іх пачуюць, калі з апазіцыяй улады гаварыць не хочуць? І дзе ўвогуле тая апазіцыя? У рэгіёнах пра яе не чулі — якія ёсць партыі, якія лідары… Ведаюць мо толькі ў Мінску, ды і тое не ўсе — бо там тыя ж прыезджыя. Але што такое апазіцыя? Ніхто не бачыць вынікаў іх дзейнасці. Сварацца паміж сабой і дзеляць гранты? Яны, як і ўлады, далёкія ад народу. Добра, хлопцы, вы ездзіце па міжнародных форумах, шмат і прыгожа там кажаце, але ў нас пытанне эканомікі — нумар адзін. Бізнэс як раней працаваў прыціснуты, так і працуе. А каб яны прыехалі і сказалі там сваім спонсарам: «вось у нас у краіне 177 нормаў, каб адкрыць рэстаран. Кашмар! Давайце ціснуць на ўладу, каб нормаў стала сем». Гэта — усім ясна. Чалавек можа падумаць: «Выдатна. Я добра гатую — пайду адкрыю рэстаран». І ён будзе бачыць вынікі працы апазіцыйных палітыкаў», — абрынуўся з крытыкай на апазіцыю Міхаіл.

«Іх рыторыка з 1990-х не надта змянілася. Культура, мова — гэта ўсё цудоўна. Але пры ўсёй павазе да Пазняка, людзі галасуюць сваімі лядоўнямі. Можна шмат казаць пра патрэбу мову, але паглядзім на рэальны стан — беларускамоўныя сёння збольшага тыя, хто добра зарабляе, хто адчувае адказнасць за сваю краіну, сярэдні клас. А што бедным да культуры? Змагацца сёння трэба за эканоміку. За тое, каб у людзей быў высокі ўзровень даходаў, каб яны развіваліся, каб атрымлівалі адукацыю, каб ездзілі за граніцу і параўноўвалі — тады пытанне нейкага «рускага свету» і беларушчыны само адпадзе, я перакананы».

Міхаіл кажа, што за час сваёй працы шмат глядзеў на досвед іншых краін і ўяўляе, за што сёння трэба брацца.

«У мяне пакуль няма палітычнага капіталу, грошай для стварэння партыі. Але гэты пратэст «дармаедаў» павінен даць такім, як я, крэдыт народнага даверу. Беларусы — працавітыя, разумныя людзі. Тое, што мы жывем у такой галечы, — гэта ганьба. Я мяркую, што нам — маладым, з працоўным досведам, веданнем замежных моў, не запэцканым у палітыцы, трэба яднацца і прымушаць улады слухаць нас за круглымі сталамі, даваць нам рычагі ўплыву. Не хочаце гаварыць з апазіцыяй? Дык загаворыце з народам!» — працягвае Міхаіл.

«Сёння выхадам з эканамічнага крызісу з’яўляецца выхад з палітычнага крызісу. Мае прапановы такія: ніякіх рэвалюцый, ніякага рэзання «па жывым», як любяць казаць нашыя наменклатуршчыкі. Абапіраючыся на падтрымку народа, мы павінны дабіцца, каб прызначэнні на адказныя пасады адбываліся не сыходзячы з нейкіх сваяцкіх ці лаяльных сувязяў, а па конкурсе!

Ідэйных, таленавітых, адданых людзей з бізнэсу — такіх у рэгіёнах шмат! Яны хочуць працаваць і рабіць жыццё ў краіне лепшым. Іх трэба мабілізаваць, аб’яднаць, каго трэба — вярнуць з-за мяжы. Бо адкрыта казаць пра сябе сёння многія баяцца, але працаваць хочуць. У Беларусі таксама добрая заканадаўчая база, практыка яе прымянення, канечне — іншае пытанне. У дзяржаўны і вытворчы менеджмент мусяць ісці людзі згодна са сваімі талентамі. Ацэньваць іх дзейнасць трэба па міжнароднай сістэме KPI (Key performance indicator — аўт.). Кепска працуеш? — Прэч! Добра? — Вось табе павышэнне заробку. Заробкі чыноўнікаў трэба павялічыць да 2—3 тысяч еўра. Беларусь можа плаціць — гэта невялікія грошы, яны страхуюць рэгіянальных чыноўнікаў ад удзелу ў мутных схемах і адкатах, стымулююць да працы сем дзён на тыдзень. Таму што сёння склалася ідыёцкая сітуацыя: я са сваёй адукацыяй магу знайсці сабе работу ў любым горадзе свету, але не магу знайсці ў Баранавічах! Тут на кожным месцы — ці то сват, ці то брат, ці то нявестка. Гэтую практыку трэба сканчаць», — мяркуе Міхаіл.

«Другое пытанне — прыцягненне замежных інвестыцый для стабілізацыі эканомікі і перамога над жабрацкімі заробкамі. У мяне ёсць праграма інвестыцый канкрэтна для Баранавічаў — да каго трэба звяртацца па грошы і як дзейнічаць. Рыба ідзе, дзе глыбей, а чалавек шукае, дзе лепей. Калі будзе альтэрнатыва, пытанне нашых стратных заводаў адпадзе само сабой. Тут ва ўрадзе наракаюць: людзі самі не маюць кваліфікацыі і неабходных навыкаў для рынку. Хлусня! Пастаў побач з нашай «Лагунай» «Ікею», дзе заробкі будуць па $800, і людзі самі хуценька не тое што перавучацца, па-англійску загавораць, абы б прабіцца! У нашай краіны выдатнае геаграфічнае месца ў свеце і я не разумею, чаго мы цягнем, пакуль іншыя ідуць наперад. Схема прыцягнення інвестыцый ва ўсім свеце ўжо стала жалезнай формулай — гэта абарона інвестара, плюс прыватная маёмасць на зямлю, плюс інфраструктура, плюс рынак працы. Інфраструктура ў нас добрая, не хапае ўласнасці — вось пра што трэба казаць. А то ў нас пакуль што толькі два інвестары — Кітай і Расія. У Расіі стратэгія — танна купіць, нічога не ўкладаць і выціснуць сокі, а Кітай думае пра сябе, даючы звязаныя крэдыты. Нам трэба іншая схема — невялікія змены ў заканадаўстве, піяр краіны на ўвесь свет, і справа пойдзе. Мы можам і павінны змагацца за размяшчэнне вытворчасцяў буйных фірмаў у Беларусі. Бо буйная фірма — гэта ўжо напрацаваныя рынкі збыту, а вырабляць можна дзе заўгодна».

«Беларусь ва ўсіх сусветных рэйтынгах па сярэдзінцы — 100-ыя месцы, ну 70-ыя. А ў нас патэнцыял — быць сярод дваццаці паспяховых краін! Таму я мяркую: у гэтай сітуацыі, калі вярхі не хочуць, а нізы не могуць, мы мусім высоўваць эканамічныя лозунгі, пасля яны пяройдуць у палітычныя, але сёння галоўнае — кансалідацыя для працы на карысць эканомікі, каб людзі не жабравалі.

А што да Дэкрэта №3 — то ён мае быць адменены (Міхаіл пад дзеянне дэкрэту не падпадае). Нідзе ў свеце няма прэцэдэнту, каб грамадзянін краіны плаціў за тое, што ён грамадзянін. Гэта абсалютнае глупства. Тыя чыноўнікі, якія гэта прыдумалі, павінны прызнаць памылку. А гэтыя пратэсты мусяць стаць пачаткам дыялогу паміж уладамі і грамадствам, і стаць імпульсам для з’яўлення шырокай палітычнай сілы», — перакананы Міхаіл. 

Мужчына заклікае ўсіх, каго зацікавілі ягоныя ідэі, дадавацца да яго ў сябры ў фэйсбук, каб разам абмяркоўваць, што рабіць далей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?