Міністр прамысловасці і сельскай гаспадаркі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі расказаў, што Беларусь павінна ацаніць свае перавагі ў будучыні ад прыняцця Мытнага кодэкса. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю газеце «Коммерсант».

Сяргей Сідорскі. Фота: eurasiancommission.org

Сяргей Сідорскі. Фота: eurasiancommission.org

«Прэзідэнт Беларусі стварыў спецыяльную камісію для ацэнкі наступстваў прыняцця кодэкса. Ёсць адзіны Шаўковы шлях — з Еўропы ў Кітай, з Кітая ў Еўропу. Але на гэтую дарогу, як на елку, трэба нанізаць нашу эканоміку. Каб тыя прадпрыемствы па вытворчасці складанай тэхнічнай прадукцыі, якія сёння ёсць у Расіі і ў Беларусі, маглі выйсці на больш высокія ўзроўні тэхналагічнага развіцця», — растлумачыў Сідорскі.

Паводле яго слоў, Беларусь вырашыла яшчэ раз расцаніць свае перавагі ў будучыні ад прыняцця кодэкса.

«Гаворка ідзе пра вялікую канкурэнцыю ў эканоміцы, і не толькі ў рамках саюза — але нам не трэба сёння, стварыўшы саюз, дзяліць нешта. Мы павінны рабіць так, каб былі роўныя ўмовы, правілы для ўсіх. А калі ёсць няроўнасць, то трэба сесці за стол перамоваў і вырашаць гэтыя пытанні як партнёрам па саюзе. Вы ж усё пагадзіліся быць роўнымі», — адзначыў прадстаўнік ЕЭК.

Нагадаем, 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу Мытны кодэкс ЕАЭС быў падпісаны кіраўнікамі Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана. Прэзідэнт Беларусі на саміце не прысутнічаў. Як патлумачыў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, праз адсутнасць на саміце Аляксандра Лукашэнкі ўсе дакументы, раней цалкам узгодненыя, пасля зацвярджэння будуць накіраваныя ў Менск на подпіс прэзідэнту Беларусі. 31 снежня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб адабрэнні праекта ТК ЕАЭС у якасці «асновы для правядзення перамоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?