Андрэй Скурко, які быў галоўным рэдактарам «Нашай Нівы» ў 2006—2017 гадах.
Днямі здаў 11-гадовую вахту Андрэй Скурко. На пасадзе галоўнага рэдактара НН яго змяніў Ягор Марціновіч.
Гэтыя 11 гадоў Скурко было няпроста. Былі і ператрусы ў рэдакцыі і дома, і папярэджанні ад Мінінфарма, і суды, і іншыя «прэлесці». Скурко заўсёды ў такіх сітуацыях быў на пярэднім краі. І заўсёды ўмеў паводзіцца годна, ніколі не тушаваўся, а пры патрэбе ўмеў і паставіць на месца чынадрала, які зарваўся.
Чамусьці запомнілася.
Пасля выбуху ў метро ў Мінску «НН» аказалася самай аператыўнай і з першых хвілін стала інфармаваць чытачоў пра падзею. Зрабіла ўнікальныя відэа з месца падзей.
На наступны дзень па нейкай іншай патрэбе званю ў рэдакцыю да Скурка.
— Ён не можа падысці да тэлефона. Да нас прыйшлі кадэбісты, патрабуюць ад яго зняць матэрыялы з сайту, — адказалі мне, вось не памятаю ўжо хто.
Тут да мяне праз трубку пачынаюць даносіцца гукі размовы на павышаных танах.
— Гэта яны на яго так крычаць?!
— Не, гэта ён на іх так крычыць, — патлумачылі мне.
Такі ён, наш Андрэй Генадзьевіч.
Свежага паветра табе, Андрэй, і далейшага высокага палёту — спакойнага, вольнага.