Еўрапейская камісія прыстрашыла судовымі пазовамі супраць краін, якія адмаўляюцца прымаць бежанцаў. Еўракамісар па пытаннях міграцыі, унутраных спраў і грамадзянства Дзімітрыс Аўрамопулас сказаў, што Брусель будзе чакаць да верасня, каб гэтыя краіны навярсталі ўпушчанае, паведамляе Радыё Польшча.

Паводле даных Еўракамісіі, з восені 2015 года, калі былі прынятыя палажэнні па пытанню рэлакацыі бежанцаў з краін Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу, краіны Еўрапейскага саюза прынялі 13,5 тысяч чалавек з часовых лагераў у Італіі і Грэцыі. План ЕС прадугледжваў прыняцце на працягу двух гадоў 160 тысяч мігрантаў.

«Гэта неаплачаны рахунак, па якім трэба заплаціць», — сказаў еўракамісар па пытаннях міграцыі, унутраных спраў і грамадзянства, дадаўшы, што «больш не можа быць апраўданняў, якія дазвалялі краінам пазбягаць гэтага абавязацельства».

Ён папярэдзіў, што калі да верасня працэс прыняцця мігрантаў краінамі ЕС не паскорыцца, то Еўракамісія не выключае падачы пазоваў супраць еўрапейскіх урадаў у Суд Еўрасаюза. «Да гэтага часу такое рашэнне не прадугледжвалася. Мы спрабавалі пераконваць, аднак цяпер гэта (судовыя працэсы) адзін з варыянтаў», — паведаміў ён.

З 28 краін ЕС толькі Аўстрыя, Данія, Польшча і Венгрыя не прынялі ў сябе ні аднаго мігранта з лагераў у Італіі і Грэцыі. Улада ў Варшаве аргументавала гэта тым, што ў рамках еўрапейскай салідарнасці яна па-іншаму дапамагае вырашыць міграцыйны крызіс: удзельнічае ў ахове знешніх межаў ЕС і аказвае фінансавую падтрымку дзяржавам, якія сутыкаюцца з міграцыйным ціскам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?