Гэта вынікае з ўнутранага дакладу ААН, з якім азнаёмілася Associated Press.

Як высветліла група экспертаў ААН па Паўночнай Карэі, у жніўні 2016 году каля 30 тыс. гранатамётаў знайшлі схаванымі пад жалезнай рудой на грузавым судне, якое накіроўвалася па Суэцкім канале ў Егіпет.

Куды зброю збіраліся даставіць, эксперты не выявілі, аднак падкрэслілі, што гэта «самы вялікі захоп боепрыпасаў у гісторыі санкцый» супраць Паўночнай Карэі.

За месяц да гэтага, гаворыцца ў дакладзе, дзяржава — член ААН перахапіла паветраную перавозку прыбораў ваеннага прызначэння для радыёсувязі, прызначаную для нейкай кампаніі ў Эрытрэі.

Гэта ўжо другі раз, калі арганізацыя выяўляе факты ваеннага экспарту з Паўночнай Карэі ў Эрытрэю, што «пацвярджае супрацоўніцтва ў сферы ўзбраенняў паміж дзвюма краінамі».

Таксама арганізацыя выявіла паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Анголе і Угандзе.

Гадавая справаздача, падрыхтаваная групай экспертаў ААН па Паўночнай Карэі, паказвае, што Пхеньян ухіляецца ад санкцый, уведзеных у дачыненні да яго ядзернай і ракетнай праграм, займаецца трэніроўкай сваіх вайскоўцаў і пастаўляе ўзбраенне.

На думку эксперта па Паўночнай Карэі ў Інстытуце міжнароднай эканомікі Петэрсана Марка Нолана, КНДР «выкарыстоўвае афрыканскія краіны ў якасці стратэгіі абыходу».

Ён растлумачыў, што Пхеньян наладжвае сваю вайсковую прысутнасць у Афрыцы і праяўляе цікавасць да гандлю там для таго, каб скараціць сваю залежнасць ад Кітая.

У дачыненні да Паўночнай Карэі дзейнічаюць санкцыі як міжнародных арганізацый і саюзаў, такіх як ААН і ЕС, так і асобных краін, у тым ліку ЗША і Расіі. Абмежавальныя меры былі ўведзеныя пасля шматлікіх ядзерных і ракетных выпрабаванняў, якія праводзіць Пхеньян. Самі санкцыі закранаюць эканамічную, фінансавую, ваенную, а таксама дыпламатычную і палітычную сферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?