Машыну з Лябедзькам і Рымашэўскім затрымалі каля Івацэвічаў па дарозе на марш недармаедаў
Машыну з лідарам АГП Анатолем Лябедзькам, у якой таксама ехалі Віталь Рымашэўскі, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова, затрымалі сёння раніцай каля Івацэвічаў. Яны ехалі ў Брэст, на планаваны сёння «Марш недармаедаў».
Па словах Лябедзькі, ім прапануюць праехаць у РУУС для разбору. Маўляў, каб зверыць ідэнтыфікацыйны нумар машыны. «Ёсць падазрэнне, што гэта не іх нумар, а машына знаходзіцца ў вышуку», — кажа супрацоўнік міліцыі.
«Даставім, праверым і адпусцім», — кажа міліцыянт.
Тым часам міліцыя выклікала падмогу. Прыехалі, па словах Лябедзькі, яшчэ два падпалкоўнікі ці палкоўнікі.

«Наіўныя, — кажа Лябедзька, — яны думаюць, што людзі не збяруцца на мітынг».
Казлоў кажа міліцыянтам: «Справа высвятлення нумару — справа трох хвілін. Звяжыцеся па рацыі і ўсё. Не дурыце мазгі».
10:26
Кавалькова і Рымашэўскі застаюцца з машынай. А Лябедзька спрабуе дабрацца ў Брэст папуткай. Хоць міліцыя настойвае, каб ён застаўся.
10:30
Машыны не спыняюцца. Лябедзька іранізуе, што пойдзе пешкі ў Брэст. Да горада 120 км.
10:40
Лідар АГП прайшоў ужо каля кіламетра. У руцэ ён трымае смартфон і распавядае пра падарожжа. «Пры такіх страхах улада доўга не працягне», — кажа ён.
Сп. Анатоль ідзе адзін. Казлоў застаўся з Рымашэўскім і Кавальковай.
11:34
Казлоў паведаміў Радыё Свабода, што «Лябедзька злавіў спадарожную машыну і цяпер едзе перада мной. Добрыя людзі даведаліся пра наш выпадак у інтэрнэце, выехалі на трасу і забралі таксама мяне. Я таксама рухаюся на мітынг. А міліцыя там правярае, што нібыта машына ва ўгоне, што перабітыя нумары, цягнуць час. Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова засталіся з машынай».
Лябедзька вярнуўся, падсеў у машыну ДАІ. Дыскутуе з супрацоўнікамі ДАІ і міліцыі.
Іх збіраюцца везці ў РУУС.
11:40
Лябедзьку і Рымашэўскага вязуць у пастарунак у Бярозе. На акцыю ў Брэст яны не паспеюць.
Каментары