Польскі ўрад сёння працуе над папраўкамі да Закона аб рэпатрыянтах, які дае новае вызначэнне рэпатрыянта і прадугледжвае заснаванне пасады ўпаўнаважанага ўрада па справах рэпатрыяцыі, паведамляе Радыё Польшча.

«Дадзены закон павінен аблегчыць і паскорыць рэпатрыянтам вяртанне ў Польшчу», — сказаў прэс-сакратар урада Рафал Бахэнэк.

Рафал Бахэнэк падкрэсліў, што гэта рэалізацыя партыяй «Права і справядлівасць» дадзенага на выбарах абяцання аб юрыдычным падмурку стварэння адаптацыйных цэнтраў для рэпатрыянтаў. Да іх стварэння будуць прыцягнутыя розныя ўстановы і грамадскія арганізацыі.

Функцыі ўпаўнаважанага ўрада па справах рэпатрыяцыі будуць ускладзеныя на намесніка міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі. Па словах кіраўніка ўрадавай прэс-службы, у яго задачы будзе ўваходзіць каардынацыя супрацоўніцтва ўрада і мясцовых органаў самакіравання ў галіне рэпатрыяцыі:

«Упаўнаважаны таксама будзе прымаць рашэнні аб размеркаванні месцаў у адаптацыйных цэнтрах для рэпатрыянтаў і фінансавай дапамогі. Гаворка ідзе аб выплаце аднаразовай дапамогі — так званых «пад'ёмных» на бытавыя выдаткі і пражыванне».

Новае вызначэнне рэпатрыянта дасць магчымасць атрымання польскага грамадзянства мужам/жонкам асоб, ахопленых праграмай рэпатрыяцыі. Да гэтага часу муж/жонка іншай нацыянальнасці атрымліваў толькі дазвол на пастаяннае месцажыхарства ў Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?