На могілках Копцеўка ў Глыбокім маю ўвагу прыцягнуў адзін помнік. Надпіс на мармуровай пліце сведчыць, што тут пахаваная Галіна Анна дэ Трамекурт, якая «памерла смерцю трагічнай» 27 мая 1937 года.

На магіле - медальён з фотаздымкам прыгожай дзяўчыны. За дзесяць дзён да смерці ёй споўнілася 18 год… Побач з медальёнам у мармуры прарэзаныя абрысы кветкі…

Мне адразу захацелася даведацца абставіны гібелі гэтай дзяўчыны. Перагартаў старонкі «Kurjerа Wileńskiego» за тыя дні, але нічога не знайшоў. Падумаў, што газета абыйшла ўвагай гэтае здарэнне - і што я ніколі не даведаюся гэтую таямніцу.

Сёння зноў стаў гартаць «Kurjer», каб адшукаць згадкі пра падзеі, якія адбываліся ў нашым рэгіёне 80 год таму. Пасля рэпартажу з гімназіі імя Стэфана Баторыя ў Друі, пасля паведамлення пра вялікі пажар у Мёрах, пасля нататак пра адкрыццё вяслярскага сезону і гонкі на роварах у Вялейцы - у №148 ад 1 чэрвеня 1937 года я натрапіў на паведамленні пра тапельцаў, узятыя, верагодна, з паліцыйнай хронікі.

«27 мая падчас прагулкі байдаркай на Беразвецкім возеры патанула 18-гадовая Галіна Трамекурт, жыхарка Глыбокага. Яна села разам з Генрыкам Зянкевічам і Аляксандрам Плісоўскім з Беразвечча, а таксама Марыяй Купісоўнай з Енджэёва (якая часова знаходзілася ў Глыбокім) у двухмясцовую байдарку, якая перакулілася ў адлегласці 50 м. ад берага. Парэшткі здабытыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?