24-гадовая выпускніца Саванскага каледжа мастацтва і дызайну (штат Джорджыя, ЗША) Ганна Хальдэванг распрацавала міні-дроны Plan Bee, якія імітуюць паводзіны пчалы ў апыленні кветак. Пчала-дрон усмоктвае пылок з адной кветкі і распыляе яго на іншыя, што дазваляе ажыццяўляць перакрыжаванае апыленне (перанос пылку з тычынак адной кветкі на рыльца песціка іншай кветкі).

Ганна Хальдэванг стварыла Plan Bee, каб у першую чаргу паказаць важнасць пчол, без якіх немагчымая сельскагаспадарчая дзейнасць і існаванне чалавека наогул. Амерыканская студэнтка лічыць, што распаўсюджанне ведаў пра пчол і іх ролю ў экасістэме — важная місія, таму што гэта насякомае асабліва ўразлівае з-за экалагічных праблем і глабальнага пацяплення.

Ганна Хальдэванг распрацавала прататып Plan Bee, які знешне мала нагадвае пчалу. У першую чаргу амерыканская студэнтка хацела надзяліць міні-дроны функцыямі сапраўднай пчалы, таму яна не імкнулася дасягнуць знешняга падабенства.

Да стварэння фінальнай версіі Хальдэванг распрацавала 50 розных варыянтаў дызайну. Дрон-пчала зроблена з паралону, пластыкавай абалонкі і пары прапелераў. Кожны з шасці сектараў Plan Bee мае маленькія адтуліны, якія ўсмоктваюць пылок з кветак, а потым апыляюць суседнія кветкі.

Ганна Хальдэванг ужо запатэнтавала сваю распрацоўку, хаця наперадзе ў Plan Bee будзе яшчэ шмат даробак. 24-гадовая выпускніца каледжу спадзяецца, што праз 2 гады можна будзе стварыць рыначны прадукт, які можна будзе выкарыстоўваць не толькі ў адукацыйных мэтах, але і ў сельскай гаспадарцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?