Апошнія грамадска-палітычныя падзеі «Наша Ніва» абмеркавала cа стваральнікам Belarus Security Blog Андрэя Паротнікавым.

«Наша Ніва»: Падзеі апошніх дзён: затрыманні, арышты, фільмы на тэлебачанні — падштурхоўваюць да размоў, ці мы бачым канец «лібералізацыі» ад беларускіх уладаў? Якое развіццё падзей на бліжэйшыя паўгода вам бачыцца? Узмацненне рэпрэсій, працяг так званай «лібералізацыі», ці нейкі трэці гібрыдны варыянт?

Андрэй Паротнікаў: Я думаю, што бліжэйшыя паўгода нейкіх рэпрэсій, сілавога ціску ці ўзяцця пад варту апазіцыйных актывістаў, безумоўна, не будзе. Але будзе ціск псіхалагічны, інфармацыйны, тое, што мы назіралі са Статкевічам і фільмам на БТ. Будзе спроба застрашыць грамадства дэстабілізацыяй па ўкраінскім сцэнары.

Безумоўна, будзе кропкавы ціск на завадатараў пратэсту, якія былі ідэнтыфікаваныя падчас «маршаў недармаедаў». Канечне, у гэтым людзей могуць пачацца праблемы. І не толькі ў іх, але і ў сваякоў. З працай, вучобай і гэтак далей.

Масавасці рэпрэсій не будзе, будзе кропкавасць. А таксама будзе спроба згвалтаваць мозг грамадства застрашваннем.

«НН»: Такія фільмы — гэта ж нейкія метады пачатку 2000-х. Няўжо ў 2017-м яны таксама эфектыўныя?

АП: Мы павінны разумець, што кадравы патэнцыял уладаў такі, што «наша песня хараша, пачынай сначала». Там не так шмат людзей, якія здольныя нешта прыдумаць і рэалізаваць на практыцы. Таму і будуць вяртацца да практык, якія зарэкамендавалі сябе, як дыскрэдытацыя, ціск на актывістаў, асабліва ў рэгіёнах, дзе людзі больш уразлівыя, чым у Мінску.

Прыдумваць нешта новае? Пакуль рана пра гэта казаць. Відавочна толькі, што не будуць рабіць нешта такое, што магло б справакаваць пратэст людзей. Тым больш што ёсць бомба, сутнасць якой яшчэ не ўсе зразумелі, — гэта пенсійная рэформа. У выніку яе ў людзей згубіліся гады працоўнага стажу. Гэта яшчэ не да ўсіх дайшло.

«НН»: А чаму людзей зноў пачалі саджаць на суткі? Некалькі гадоў гэтага не рабілі, а цяпер брэсцкія анархісты, маладафронтавец Пальчэўскі.

АП: Трэба нагадаць, хто ў доме гаспадар. А то людзі сапраўды павераць у нейкую там «лібералізацыю». І можна беспакарана хадзіць там, дзе хочаш, калі хочаш і пад любымі лозунгамі. Улада нагадвае, што яна існуе. Мае сілу, а таксама рэсурсы для сілавога стрымання. Спроба нагадаць, каб асабліва не буянілі.

«НН»: Тым не менш, улады вымушаныя ісці на саступкі як з прыпыненнем Дэкрэту №3, будаўніцтвам у Курапатах.

АП: З Курапатамі не ўсё так проста. Магчыма, гэта не саступкі, а спроба змяніць ідэалагічны падмурак. Дваццаць гадоў мы назіралі неасавецкую рыторыку ад уладаў. Але сталася так, што ўся

савецкая спадчына прыватызаваная Расіяй. Калі вы кажаце, што вы таксама СССР, дык Расія — гэта СССР. Тады вы таксама Расія. Тут уладам трэба мяняць рыторыку, тлумачыць, чаму мы не СССР, і, адпаведна, не Расія. Курапаты маглі б тут быць такім сімвалам разрыву беларускай дзяржавы са сваім савецкім мінулым. Але не факт, што нешта такое адбудзецца.

Што тычыцца Дэкрэту №3, то ў нас хапае прыкладаў, калі абсалютна ідыёцкія нормы прымаліся, але дэ-факта не выкарыстоўваліся. Згадаем тую ж дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Улады тут дзейнічаюць звыкла для сябе, калі пабачаць, што аблажаліся, не пралічылі ўсіх наступстваў, а адмяніць не могуць, бо ўлада не можа дэманстраваць праявы слабасці, то бяруць такую паўзу, каб падумаць, што рабіць далей. Далей жа, думаю, нічога не будзе. Гэты Дэкрэт будзе ляжаць мёртвай нормай. Найхутчэй, што ім не будуць карыстацца. А калі і будуць, то кропкава для нейкіх рэпрэсій. Вы сцвярджаеце, што вы — палітычны актывіст? А вы — дармаед.

«НН»: Што будзе з адносінамі Беларусі з Еўрасаюзам і Расіяй? Падаецца, што на абодвух франтах яны дастаткова замарожаныя.

АП: Адносіны з Расіяй не замарожаныя. Яны горшаюць сямімільнымі крокамі.

Што тычыцца Еўрасаюза, то ніякага пагаршэння ці паляпшэння не трэба чакаць. Адносіны будуць роўныя. Беларускія ўлады арыентуюцца на атрыманне эканамічных прэферэнцый, таму праца будзе весціся на экспертным узроўні.

З Расіяй адносіны будуць горшаць надалей. Я вельмі сумняюся, што адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. А калі і адбудзецца, то расейскі бок будзе ці ігнараваць на шматбаковых пляцоўках, як гэта ўжо бывала пры Мядзведзеву, ці скарыстаецца з гэтага, каб прадэманстраваць няздольнасць Лукашэнкі дамаўляцца.

«НН»: Ці могуць адносіны пагоршаць настолькі, што будуць адмененыя вучэнні «Захад-2017»?

АП: Тэарэтычна, такая імавернасць ёсць. Хаця расійскі бок на такі крок не пойдзе. Ім што гэты «Захад» ёсць, што яго няма. Але хутчэй у плюс Расіі, каб нагадаць, што Беларусь знаходзіцца ў сферы геапалітычнага ўплыву Расіі

Калі і будзе нехта ініцыятарам адмены, то афіцыйная Беларусь. Скажам так, імавернасць адмены не нулявая, але вельмі малая. Падрыхтоўка да «Захаду-2017» працягваецца. І ёсць спадзяванні, што ўсё пройдзе роўна. Адмена вучэнняў — гэта ўжо не пагаршэнне адносін, а канфлікт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?