Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў падпісаў закон аб зменах у канстытуцыю краіны, які пашырае ролю парламента і ўрада ў палітычным жыцці, піша ВВС.
Законапраект быў ухвалены парламентам Казахстана 6 сакавіка, пасля чаго паступіў на подпіс прэзідэнта.
Згодна з дакументам, ураду перадаецца права зацвярджаць дзяржаўныя праграмы і адзіную сістэму фінансавання і аплаты працы работнікаў для ўсіх органаў, якія ўтрымліваюцца за кошт дзяржбюджэту.
Акрамя таго, законапраект пашырае ролю мажыліса (ніжняй палаты парламента краіны) пры фармаванні ўрада, а таксама дае парламенту больш магчымасцяў кантраляваць працу кабінета міністраў.
У снежні 2016 года Назарбаеў даручыў спецыяльнай камісіі разглядзець магчымасць пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж прэзідэнтам, парламентам і ўрадам, адзначыўшы аднак, што Казахстан усё роўна застанецца дзяржавай з прэзідэнцкай формай кіравання.
За месяц да гэтага некалькі дэпутатаў мажыліса прапанавалі перайменаваць сталіцу Казахстана Астану ў Нурсултан у гонар прэзідэнта краіны.
Кіраўнік Канстытуцыйнага савета Казахстана Ігар Рогаў тады ж заявіў, што дапускае магчымасць абмеркавання на рэферэндуме яшчэ адной ініцыятывы дэпутатаў: увекавечыць у прэамбуле канстытуцыі краіны заслугі прэзідэнта Назарбаева.