У панядзелак 13 сакавіка ў віцебскім пабе «Торвальд» адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікамі Уладзімірам Садоўскім і Андрэем Дзічэнкам. Абодва аўтары сёлета выйшлі ў фінал літаратурнай прэміі «Дэбют» і прэтэндуюць на атрыманне галоўнага прызу — 2000 даляраў.
Уладзімір Садоўскі прэзентуе свой нашумелы зомбі-хорар «1813», Андрэй Дзічэнка — пікантную кнігу-падарожжа па памежных прасторах пад назвай «Сонечны чалавек».
Аповесць Садоўскага «1813» ужо за першыя тыдні з моманту публікацыі атрымала дзясятак станоўчых водгукаў і наступныя чатыры месяцы трымалася ў лідарах па выніках продажаў электронных кніг. У пачатку 2017 года кніга выйшла ў папяровым варыянце, і цяпер б’е рэкорды па распаўсюдзе.
Зборнік апавяданняў «Сонечны чалавек» Андрэя Дзічэнкі — дэбютная кніга аўтара на беларускай мове, якая выйшла толькі ў электронным варыянце на kniharnia.by. Да гэтага ён напісаў некалькі кніг па-руску. Друкуецца ў прэстыжным расійскім «Снобе», вывучаецца ў курсах новай літаратуры ў каледжах ЗША. Галоўныя героі яго твораў — анамальныя людзі, ахвяры лакальных канфліктаў, азлобленыя маньякі, палкія дзяўчыны, ідэйныя цнотнікі і сталкеры з нязведаных сусветаў.
Увага, Віцебск! Творчая сустрэча з пісьменнікамі, якія прымушаюць па-новаму глядзець на беларускую літаратуру, адбудзецца ў панядзелак 13 сакавіка ў пабе «Торвальд» (вул. Талстога, 1). Пачатак а 19.00.
Уваход вольны.
Мерапрыемства арганізавана з ініцыятывы выдавецтва «Янушкевіч» і партала беларускіх электронных кніг kniharnia.by.