Грамадства122122

«Б'юць і плакаць не даюць!» Некалькі соцень чалавек пратэставалі ў Пінску ФОТА, ВІДЭА

Карэспандэнты «НН» вядуць відэаанлайн з Пінска:

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

14:05

Гомельскага блогера спрабуюць абараніць ад затрымання. 

14:04

Людзі суправаджаюць блогера Максіма Філіповіча.

13:30

Анлайн-трансляцыя скончаная. У эфіры працавалі Мікіта Недаверкаў і Арцём Гарбацэвіч.

Да сустрэчы заўтра! Мы збіраемся весці відэатрансляцыю з Бабруйска, апроч таго, будзем адсочваць падзеі ў Оршы і Рагачове. Ва ўсіх гэтых гарадах запланаваныя свае «маршы недармаедаў».

13:29

«Рыба гніе з галавы. Адтуль і трэба мяняць. У справядлівыя выбары я слаба веру. Мяняць улады толькі калі выходзіць і дабівацца. Ва ўсякім разе горш ужо не будзе», — кажа мужчына.

Тым часам на плошчы Леніна ў Пінску застаецца каля 150 чалавек.

13:26

Тым часам прыходзяць паведамленні з Маладзечна. Юрасю Губарэвічу прысудзілі ажно 15 сутак — каб выйшаў адразу пасля Дня волі. Вось такая вам лібералізацыя.

13:26

Лідарам становіцца той, да каго падыходзяць журналісты з мікрафонамі. Вакол адразу гуртуюцца людзі.

Маладая жанчына заклікае выходзіць 25 сакавіка на плошчу ў Мінску. У адказ — апладысменты.

13:19

Людзі патрохі разыходзяцца, адзначае карэспандэнт «НН».

13:17

«Два бяззменныя работнікі — Лукашэнка і Ярмошына. Што хочуць, тое і робяць!». Мужчына абураецца прыездам кітайцаў: ці не атрымаецца, як з засіллем арабаў у Францыі. Ён заклікае падумаць пра наступныя пакаленні.

13:15

Гатовыя выказвацца многія. «Лукашэнка пайшоў краіну ў нікуды. Трэба нешта мяняць. Дэкрэт №3 аб'яднаў грамадства супраць. Пойдуць вялікія перамены — пойдзе і Лукашэнка», — прамаўляе мужчына. На заднім фоне працягваюць абмяркоўваюць сітуацыю жанчыны, не надта слухаючы адна адну.

13:08

Абмяркоўваюць фальсіфікацыі на выбарах: патрэбны сумленны падлік галасоў. Пінскія жанчыны асуджаюць і Лукашэнку, і Ярмошыну.

13:06

Пінскі актывіст Дзмітрый Сергіевіч паведамляе, што заблакаваны дома невядомымі ў цывільным.

13:05

«Леніна абгарадзіў, падлюка, каб ніхто не падышоў!» — «Хто абгарадзіў?» — «Гарвыканкам, не я ж!», — тлумачыць сталы мужчына.

«Я прыйшоў абараніць пакаленне маладых. Мне нічога не трэба, я зарабіў добрую пенсію за 43 гады. Народ прачнуўся, гэта радасна!», — працягвае пенсіянер. Людзі сустракаюць яго словы апладысментамі.

Кіраўніка краіны ён называе «конюхам» — і тут жа гучаць авацыі.

13:01

«Дэкрэт — не асноўны фактар, каб народ збіраўся. Людзей проста дастала ўсё гэта, — тлумачыць мужчына на веласіпедзе. Лукашэнку не верыць: — Нічога з таго, што ён абяцае, не выконваецца».

12:59

У Пінску сёння даволі цёпла, +7 градусаў. Стаяць можна доўга, але ніякай праграмы дзеяння ва ўдзельнікаў акцыі пакуль няма.

12:56

Ці плацяць дэманстрантам грошы за ўдзел у акцыях, як сцвярджае БТ? «Канечне, не! Але я асабіста грошы б і не ўзяў», — кажа мужчына.

12:53

«У нас павінна быць свабода слова. Колькі можна гэта цярпець? Хай працаўладкуе нашых мужчын і дзяцей! — абураецца жанчына. — Хай мне хто-небудзь у Пінску скажа, што атрымлівае 500 даляраў! У майго мужа нават 2 мільёнаў няма, ён кіроўцам працуе. А я 1,8 мільёна атрымліваю».

12:51

Людзі стаяць купкамі, але паколькі няма лідараў, ніхто не ведае, што рабіць. Вопыт на будучыню для апазіцыі: патрэбны хоць які гукаўзмацняльнік.

12:48

«Как сказал глава государства…» — пачынае ўгаворваць міліцыянт. — «Это вам он глава, нам он не глава! Нам такой глава не нужен! А вы чего без формы? Боится форму надевать!» — абрывае пенсіянерка міліцэйскага начальніка ў цывільным, які прыйшоў на плошчу.

12:43

«Б'юць і плакаць не даюць. Во такую сістэму стварылі ў краіне!» — сказала нам жанчына.

12:40

Асобы ў цывільным спрабавалі затрымаць блогера з Гомеля Максіма Філіповіча, але падбеглі людзі і яго адбілі.

12:38

«Я за адмену дэкрэта, я за тое, каб хлопцам, якія адслужылі ў арміі, вярнулі гэта ў працоўны стаж», — кажа далікатная жанчына гадоў сарака. «А мяне абурае, што дэпутаты маўчаць. Падтрымаюць рукі, апусціўшы голавы». А трэцяя дадае: «А прэзідэнт гаворыць зашмат. Які канал ні ўключы — Лукашэнка. Ужо гідка глядзець!» — падключаецца пенсіянерка. «Мяняць трэба ўсё!» — падсумоўвае мужчына.

«Пры Савецкім Саюзе пры заробку 200 рублёў праезд каштаваў 4 капейкі. А цяпер заробкі таксама па 200, а праезд каштуе 45! А хлеб каштуе рубель!» — праводзіць паралель іншая жанчына.

12:34

У Пінску на Плошчы сабралася 400 чалавек.

12:33

«Ісці на работу за 200 рублёў? А сэнс?», — кажа жанчына гадоў 30-ці.

12:27

Людзі сабраліся, а лідараў пакуль няма. Стаяць і скандуюць: «Лукашэнка, ухадзі!».

12:26

«Нас называюць пятай калонай. Увесь народ — пятая калона?» — абураецца мужчына. — Справа не толькі ў Дэкрэце №3. Пытанні па пенсійным стажы ёсць. Як так, што службу ў армію не залічылі ў стаж? Эканоміка ўбітая. Уладу меў чалавек, неабмежаваную ўладу. І да чаго давёў краіну?»

12:24

«Няма арганізаванасці нешта тут. Народ стаіць, ніхто не выступае», — адзначае мужчына гадоў сарака.

12:23

Людзі адціснулі п'янага мужчыну, які спрабаваў сцягнуць у хлопца з плячэй бел-чырвона-белы сцяг.

12:22

«Раней пенсіянеры не выходзілі на вуліцы, а цяпер ужо і пенсіянеры выйшлі», — адзначае ён.

12:21

«Раз на два месяцы даводзіцца ездзіць у Расію, бо тут работы няма. А дом — дзеці маленькія. Ну што гэта за жыццё?» — кажа іншы акуратна апрануты мужчына гадоў 35-ці.

12:21

«Работы няма. А на выбарах — фальсіфікацыі», — кажа мужчына гадоў 35-ці.

12:20

«Я патрыёт, таму прыйшоў з дзяржаўным сцягам, — кажа мужчына гадоў сарака ў цёмных акулярах. — Я падтрымліваю народ, таму і прыйшоў!»

12:19

«Мне 33 гады, і я не магу стварыць сям'ю, — кажа мужчына. — Я будаўнік, і няма мне ніякай работы на заробак больш чым 2 мільёны. А як пражыць на два мільёны? Таму ў мяне няма іншай дарогі, як барацьба з дыктатурай», — кажа мужчына.

12:16

«Я выйшаў сюды, каб Лукашэнка сышоў у адстаўку, — кажа нам мужчына гадоў 50-ці. — Каб замест яго прыйшоў малады кіраўнік, дастойны, а не гэты, які цягае сына ў ААН, такая ганьба», — кажа мужчына.

12:12

«Нэма роботы! Всэ позакрывато! Нэма людям ніякоі роботы! Два сыны бэз роботы. А мні за мою пэнсію 3 мільёна трэба два сыны прокормыты. Мамо, дай на хліб. Мамо, дай на запалкі», — расказвае іншая пенсіянерка.

12:10

«У мяне два сыны было. Адзін у заработках пагіб! — плача жанчына. — Мне 65 гадоў! Як мне жыць? Мой сын эканаміст па спецыяльнасці і тэхнікум скончыў. Куды яму дзявацца? Работы няма. І ён на заробкі ў Расію ездзіць, бо тут работы ніякай няма. Мы простыя людзі, нам выжываць трэба. Двое малых дзетак, а ён ізноў паехаў у Расію, бо тут работы няма», — плача горкімі слязамі жанчына.

12:08

«Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі!» — скандуюць.

12:07

Людзі абураюцца БТ: «Падманваюць, брэшуць! Нам ніхто ні капейкі не плаціў!»

12:07

«У маладых няма работы! — кажа нашым карэспандэнтам ахайная жанчына ў капялюшыку. — Таму я і выйшла на плошчу!»

12:06

Першае слова сёння ў Пінску: «Ганьба».

Гэта першае скандаванне на адрас міліцыянта, які ў мегафон абвяшчае, што акцыя незаконная. «Плошча для народу!» — крычаць яму.

12:01

12:01

Некалькі соцень чалавек сышліся на Плошчу па стане на 12.00.

11:43

Але ж і плошчы набудавалі саветы: кожная ўмесціць 100 тысяч чалавек.

11:42

Міліцыя правярае торбы ўсіх, хто на Плошчу ідзе ў Пінску, і прапускае.

11:42

«Мы робім, але прыйшлі, — кажуць першыя людзі, што з'явіліся на Плошчы. — Бардак у краіне, адтаго і прыйшлі. Апазіцыю нашую разагналі, няма нікога», — наракаюць.

11:32

Бабка з унучкай падышлі спытацца, ці «будзе што?». Кажа: я пенсіянерка, хачу паўдзельнічаць — за Гэтага і 20 гадоў таму не галасавала.

11:31

Яшчэ фота са сталіцы Палесся. Першыя людзі гуртуюцца:

11:23

У Маладзечне ніколі раней не адбывалася таго, што ўчора. Вось відэа:

11:21

Пытанне дня: ці самаарганізуюцца людзі ў Пінску ва ўмовах, калі сядзіць Кабанаў і сядзяць Лябедзька з Рымашэўскім? Ці знойдзецца каторы, хто возьме адказнасць на сябе?

11:19

Тым часам у Пінску суботнік:

11:14

Праз 15 хвілін у Мікіты Недаверкава яшчэ раз праверылі дакументы: гэтым разам міліцыянты ў форме. Проста надзвычайная канцэнтрацыя сілавікоў у раённым цэнтры.

11:13

Бедны Ленін. Трапіў у Пінску за краты роўна праз 100 гадоў пасля вялікай пралетарскай рэвалюцыі.

11:12

Яшчэ адзін кадр з Маладзечна:

11:11

Гэта кадры з учорашняй дэманстрацыі ў Маладзечне:

11:02

10:58

Як толькі карэспандэнт «НН» Мікіта Недаверкаў выйшаў з цягніка, да яго падышлі пяцёра ў штацкім, праверылі і сфатаграфавалі дакументы.

Будынак выканкама ў Пінску агарадзілі парэпаным металічным парканам. Сёння а 12-й на цэнтральнай плошчы чакаецца народны сход.

У лютым-сакавіку аналагічныя акцыі пракаціліся па гарадах Беларусі.

Напярэдадні Лукашэнка, фактычна, прыпыніў дзеянне дэкрэта №3 на год. Але апазіцыя патрабуюць поўнай адмены дэкрэта. Учора ўвечары сотні людзей маніфеставалі ў Маладзечне. Настрой людзей быў такі: прыпынення дэкрэта мала, яго трэба адмяняць, і ўвогуле патрэбныя новыя, свабодныя выбары.

У Пінску, як і ў Маладзечне дазволу на мітынг ніхто не прасіў, акцыя пройдзе ў форме народнага сходу.

Каб абезгаловіць пратэст, напярэдадні быў затрыманы і асуджаны на 5 сутак арышту фермер з Бярозы Аляксандр Кабанаў — фармальна, за арганізацыю пратэстаў у Брэсце. За краты адправілі і берасцейскіх анархістаў, што ўсталі на чале дэманстрацыі ў горадзе над Бугам 5 сакавіка.

У нядзелю аналагічныя народныя сходы маюць прайсці ў Бабруйску (12:00), Оршы (13:00) і Рагачове (16:00). 15 сакавіка запланаваны Марш недармаедаў у Мінску. Мінгарвыканкам даў дазвол на шэсце, але адправіў па звыклым маршруце ад Акадэміі навук да Бангалор. Арганізатары заявілі, што будуць прымаць рашэнне непасрэдна на месцы. А 25 сакавіка ў Мінску адбудзецца традыцыйны Дзень Волі.

Гэтыя выступы адбываюцца на фоне глыбокага эканамічнага крызісу. ВУП краіны ўпаў на 6,6% за два мінулыя гады. Рэальныя даходы насельніцтва — на 7% за апошні год. Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што гэта часовыя цяжкасці, выкліканыя сусветнай каньюнктурай, і захоўвае ранейшы палітычны і эканамічны курс.

Апазіцыя, пазбаўленая права голасу ў афіцыйных СМІ і не дапушчаная ў органы ўлады, падтрымала стыхійныя выступы, што праходзяць пад лозунгамі «Баста!» і «Мы не дармаеды».

Каментары122

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

«Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не рашыўся». Падрабязнасці трагедыі ў Гданьску, дзе ваяр катаваў бойфрэнда, а пасля забіў сябе65

«Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не рашыўся». Падрабязнасці трагедыі ў Гданьску, дзе ваяр катаваў бойфрэнда, а пасля забіў сябе

Усе навіны →
Усе навіны

Смерць удовам. Археолаг расказаў пра знаходку, якая сведчыць пра жудасны звычай першых славян на Беларусі31

Бум на матчу па ўсім свеце: попыт расце, запасы змяншаюцца5

Пяць парад, як проста пазбавіцца ад паху і плям поту на адзенні3

Расіяне тры гадзіны білі па Харкаве КАБамі, балістыкай і шахедамі. Здзейснена камбінаваная атака на Дняпро2

«Купалаўцы» анансавалі пачатак новага тэатральнага сезона1

Пасажырка «не ўклалася ў таймінг» падчас санітарнага прыпынку — міжнародны аўтобус паехаў без яе5

Стаў вядомы лёс збеглых дзікабразаў у Рэчыцкім раёне2

Берасцеец увозіў у Польшчу бярозавае палена. Аказалася, гэта костка маманта2

Выдаліў акаўнт, пачысціў тэхніку — і ўсё адно прыйшлі. Мікіта Лосік расказаў, як яго вылічылі сілавікі25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не рашыўся». Падрабязнасці трагедыі ў Гданьску, дзе ваяр катаваў бойфрэнда, а пасля забіў сябе65

«Забіць яго ці адрэзаць яму яйцы я не рашыўся». Падрабязнасці трагедыі ў Гданьску, дзе ваяр катаваў бойфрэнда, а пасля забіў сябе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць