Нідэрланды адклікалі дазвол на пасадку самалёта міністра замежных спраў Турцыі Меўлюта Чавушаглу праз некалькі гадзін пасля таго, як ён прыгразіў увесці «сур'ёзныя санкцыі» супраць Амстэрдама. Пра гэта паведамляе Hürriyet Daily News.

У заяве галандскага ўрада адзначаецца, што такое рашэнне прынятае «ў сувязі з грамадскай небяспекай», якую нясе візыт кіраўніка турэцкага МЗС у Ратэрдам. Адзін з прадстаўнікоў уладаў адзначыў, што пасля таго, як Анкара прыстрашыла ўвесці абмежавальныя меры, «было бессэнсоўна шукаць пункты судакранання».

Як адзначае выданне, Чавушаглу павінен быў адправіцца ў галандскі горад Ратэрдам 11 сакавіка, аднак за некалькі гадзін да ўзлёту стала вядома, што яго лайнеру не дазволілі пасадку.

Пазней прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган раскрытыкаваў галандскі ўрад за рашэнне не пускаць у краіну турэцкага міністра замежных спраў Меўлюта Чавушоглу, паведамляе Reuters.

На мітынгу ў Стамбуле кіраўнік дзяржавы назваў Нідэрланды перажыткам нацызму, а таксама фашызму.

Акрамя таго, Эрдаган прыгразіў Амстэрдаму мерамі ў адказ, якія будуць насіць люстраны характар. «Паглядзім, Галандыя, як пасля гэтага твае самалёты будуць лятаць у Турцыю. І я кажу пра дыпламатаў, а не пра звычайных грамадзян», — цытуе прэзідэнта ТАСС.

Турэцкія чыноўнікі планавалі правесці ў шэрагу еўрапейскіх краін, дзе пражываюць грамадзяне Турцыі, серыю мітынгаў, для таго, каб заручыцца іх падтрымкай напярэдадні рэферэндуму па новай Канстытуцыі, які адбудзецца 16 красавіка. Улады Германіі, Аўстрыі і Нідэрландаў забаранілі ладзіць у сябе падобныя мерапрыемствы.

Мэр Ратэрдама Ахмед Абуталеб яшчэ 8 сакавіка заявіў, што запланаваны агітацыйны мітынг з удзелам кіраўніка турэцкага замежнапалітычнага ведамства не адбудзецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0