Дэманстранты ў Оршы, Бабруйску і Рагачове патрабавалі працы і адстаўкі Лукашэнкі ВІДЭА, ФОТА
Карэспандэнты «Нашай Нівы» вялі адтуль жывыя рэпартажы.
Орша: відэа ўжывую
Такога масавага выступу тут не было з 1991 года. На цэнтральную плошчу тут выйшла да 1000 чалавек. Яны прайшлі шэсцем да будынку выканкама. Пратэстоўцаў узначаліў старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
У Бабруйску на Плошчу сёння выйшла 700—800 чалавек. Гэта менш, чым два тыдні таму. Акцыі папярэднічалі ператрусы і затрыманні актывістаў апазіцыі і прафсаюзаў.
Усё адбывалася даволі стыхійна. У цэнтры быў адзін малы мегафон, але з яго чуваць было недалёка.
Людзі былі настроеныя радыкальна, агрэсіўна, але акцыя прайшла спакойна.
Ніякіх прарасійскіх лозунгаў не было. Затое людзі масава выказваліся за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, які давёў краіну да цяперашняй сітуацыі.
Большасць удзельнікаў складалі пенсіянеры.
Людзі скандавалі «Жыве Беларусь!», «Баста!» і «Не дэкрэту нумар тры, Лукашэнка, ухадзі!»
Людзі падцягнуліся. На плошчы ў Рагачове сабралася каля 300 чалавек. Гукаўзмацняльнай тэхнікі ў іх няма. З'ехалася шмат міліцэйскіх машын, але ўдзельнікам сходу яны пакуль не перашкаджаюць.
16:02
Пакуль што ў Рагачове ў цэнтры ўвагі мужчына, які заклікае не маўчаць, «або будзем жывёламі». Гэта Васіль Жарскі. Ён узгадвае, як раней у Рагачове было шмат прадпрыемстваў, а цяпер працы няма. «Мы яго зрабілі царом, а ён на нас напляваў», — апелюе мужчына да Лукашэнкі.
«Дзяржава цара ў нас», — пагаджаюцца астатнія ўдзельнікі сходу.
15:57
Да пачатку акцыі ў Рагачове засталося некалькі хвілін. На плошчы тым часам каля 30 патэнцыйных пратэстоўцаў, якія стаяць купкамі.
«Сорамна, што так мала людзей, — кажуць жанчыны. — Усе любяць пальцам тыкаць, на кухнях на Лукашэнку гнаць, а выйсці баяцца». Яны просяць не рабіць з іх дзяцей дармаедаў, а даць працу.
15:48
Пад Рагачовам (мястэчка Востраў) супрацоўнікі ДАІ спынілі два аўтамабілі з журналістамі тэлеканала «Белсат». Прычына традыцыйная — праверка дакументаў. Як паказвае досвед, гэта можа цягнуцца да сканчэння акцыі пратэсту.
15:38
А ў нас дадаўся вялікі фотарэпартаж з Бабруйска ад Ірыны Арахоўскай.
Мяркуецца, што ўсё пачнецца каля крамы «Усходні» ў 16.00 з шэсцем да райвыканкама. За дзень да дня «Х» адзін з самых бачных грамадскіх актывістаў Рагачоўшчыны Дзяніс Дашкевіч паведаміў «НН», што не зможа быць на акцыі, бо, хутчэй за ўсё, яго не адпусцяць з працы. У сувязі з гэтым на нейкую арганізаванасць разлічваць не даводзіцца. Паглядзім, ці зможа звычайны народ ізноў узяць усё ў свае рукі.
У папярэдніх анлайн-апытанках гатоўнасць прыняць удзел у маршы 12 сакавіка выказалі каля 200 чалавек.
15:11
Пакуль у Рагачове ўсё спакойна. Пачатак акцыі запланаваны на 16:00.
14:32
Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну з журналістамі Аляксандрам Баразенкам і Кацярынай Андрэевай.
#дармаеды — папулярны хэштэг у беларускім сегменце Твітара.
14:11
Севярынца ўдзельнікі акцыі ў Оршы суправаджаюць да вакзала, каб яго не затрымалі. Плошча ў Оршы апусцела.
14:09
«Толькі свабодныя выбары могуць змяніць сітуацыю. Гэтыя падтасоўкі ўсіх ужо дасталі!», — кажа на камеру мужчына гадоў 45-ці ў Оршы.
14:08
«Няма ні працы, ні долі», — кажа мужчына і цытуе Купалу: «Беларусы нясуць на плячах сваё гора».
«Трэба свабодныя выбары». Бо прыходзіш на выбары і няма каго выбраць: «Падтасоўкі дасталі».
14:06
Адзін з ветэранаў дэмакратычнага руху кажа, што яго абнадзейвае, што ў мітынгу ўзяла ўдзел моладзь.
«Мне пенсіі хапае, — кажа адна жанчына. — Але душа баліць за моладзь. Ім вельмі цяжка. Працы няма».
14:05
Акцыя ў Оршы фактычна скончылася, людзі разыходзяцца.
14:04
Актывісты ўзялі ў кальцо Паўла Севярынца, каб яго не затрымалі.
14:04
Радыё Свабода паведамляе, што на мітынг у Оршы сабралася каля 1000 чалавек.
14:03
«Мяне асабіста гэты дэкрэт не зачапіў, але я прыйшла падтрымаць іншых людзей», — кажа жанчына гадоў 55-ці, якая прыйшла разам з унукам гадоў дзесяці.
14:03
У Оршы вельмі стракатая публіка: ёсць і моладзь, і людзі сярэдняга і старэйшага веку.
14:03
Севярынец запрасіў аршанцаў 15 і 25 сакавіка на акцыі. «Усё будзе вырашацца ў Мінску, і трэба, каб была салідарнасць».
Мясцовыя актывісты заклікаюць усіх у Оршы на Цэнтральную плошчу 26 сакавіка.
14:02
«Вырашацца ўсё будзе ў сталіцы», — кажа Павел Севярынец, які запрашае 15 і асабліва 25 сакавіка ў Мінск. «Салідарнасць», — скандуюць людзі.
14:01
«Адстаўка!» — скандуюць дэманстранты ў Оршы каля гарадской адміністрацыі на заклік Паўла Севярынца.
14:00
У Оршы скандуюць: «Лукашэнку ў адстаўку».
14:00
Праваабаронца Васіль Бераснеў прынёс макет «паведамлення аб аплаце падатку на дармаедства» і парваў яго пад авацыю Плошчы. Ён даў кантакты юрыстаў незалежнага прафсаюза РЭП і Хельсінкскага камітэта для тых, каму трэба юрыдычная дапамога.
13:59
13:58
У аршанскую мэрыю перадалі рэзалюцыю з патрабаваннем правесці круглы стол з мясцовай уладай. Гэта значыць, удзельнікі акцыі гатовыя гаварыць пра падатак на дармаедства, але на сваіх умовах.
13:58
«Далоў халуёў», — скандуюць дэманстранты ў Оршы, якія перамясціліся да будынку выканкама.
13:57
13:56
Трансляцыя з Оршы перарываецца, вельмі кепскі інтэрнэт.
13:56
Мужчына з болем у голасе кажа: «Хочацца працаваць, а працы няма».
13:55
Каля 13.30 калона ў Оршы рушыла па вуліцы Міра. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Не дэкрэту №3». Каля мэрыі людзей сустракае намеснік старшыні гарвыканкама і прапануе прайсці ў будынак, абмеркаваць дэкрэт №3. Людзі не згодныя сыходзіць з вуліцы, перакрыкваюць яго.
Орша: нягледзячы на масавыя затрыманні, на «Марш недармаедаў» тут сабралася каля 500 чалавек, пішуць у сацыяльных сетках. Сярод пратэстоўцаў прысутнічае сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец. Бачныя бел-чырвона-белыя сцягі і сцяг прафсаюза РЭП.
На плошчы, дзе праходзіць акцыя, не ловіць інтэрнэт.
«Я прыйшоў сюды на Плошчу, бо хачу, каб Лукашэнка сышоў у адстаўку. Мы ўжо ведаем наперад, што ён скажа. Нельга, каб уся ўлада была ў адных руках», — кажа карэспандэнтам НН мужчына гадоў 40 у Бабруйску.
13:22
У сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя пра стыхійныя пратэсты ў Ваўкавыску і Мастах (Гродзенская вобласць). Карэспандэнты «Нашай Нівы» не пацвярджаюць інфармацыю, гэта фэйк.
13:19
13:16
У Брэсце людзі маршам пайшлі па вуліцы Савецкай. У акцыі бярэ ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек.
13:12
У Бабруйску людзі паціху разыходзяцца. Тыя, у каго ёсць праца, скардзяцца на малыя заробкі па 200-300 рублёў.
13:07
Тым часам у Оршы ў цэнтры горада пачынаюць збірацца людзі.
13:07
Усе ў Бабруйску скардзяцца, што знайсці працу ў горадзе нерэальна.
13:02
Жанчына ў Бабруйску плача, яна не ведае, як жыць далей: «У мяне істэрыка! Лукашэнка павінен сесці і падумаць, як нам жыць. У 90-я гады было нашмат лепш. Я столькі год жыву ў гэтым горадзе, але так кепска ніколі не было. Я не ведаю, як жыць далей».
12:59
Людзі разыходзяцца з акцыі ў Бабруйску.
12:59
Жанчына кажа: «Ну адменяць дэкрэт №3, будзе дэкрэт №4, №5 і так бясконца».
12:55
У Бабруйску актыўнасць ідзе на спад. Людзі пачынаюць разыходзяцца.
12:53
У Бабруйску людзі збіраюцца па групках. Пакуль асаблівай арганізацыі няма.
12:51
Гэта Бабруйск
12:49
Затрыманне ў Кобрыне: на фота актывіст Васіль Андрэюк і капітан Міхаіл Шарапаў. Алесь Мех піша скаргу ў пракуратуру #Дармаедыpic.twitter.com/NwhFLnCro7
Журналіст Адар'я Гуштын у Оршы вядзе анлайн з міліцэйскага пастарунку.
Журналістаў не адпускаюць.
12:45
Пакуль у Бабруйску людзі гуртуюцца паасобку. Актыўнасць згасае. Мясцовых лідараў затрымалі перад пачаткам, і ніхто не бярэ на сябе адказнасць за акцыю.
12:44
У Бабруйск прыехаў падтрымаць калег Рыгор Грык з Баранавіч. Ён узяў мегафон і расказаў, што лідараў апазіцыі Лябедзьку, Рымашэўскага, Кавалькову, Губарэвіча, а таксама прафсаюзную лідарку Смірнову затрымалі. Ён расказвае пра польскую «Салідарнасць» 1980-га і пра тое, чым там скончылася.
12:41
У Бабруйску Рыгор Грык выйшаў на акцыю ў турэмнай робе. «Мы ў гэтай краіне жывём як у лагеры. Маю сяброўку з прафсаюза затрымалі, Галю», — сказаў ён у мегафон.
12:40
У Брэсце таксама праходзіць чарговы «Марш недармаедаў». На плошчы Леніна пакуль сабралася каля 50 чалавек, паведамляе TUT.BY.
Сярод гараджан прысутнічае старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі. Таксама тут знаходзіцца жонка актывіста Андрэя Шарэнды, які адбыў 5 сутак арышту за ўдзел у другім маршы. Яна паведаміла, што муж не можа прысутнічаць на сённяшняй акцыі, бо асцерагаецца затрымання.
«Ён не можа выйсці з дома, паколькі у двары дзяжураць міліцыянты», — паведаміла Паліна Шарэнда праз гучнагаварыцель.
12:37
У Брэсце некалькі дзясяткаў чалавек зноў сабраліся на рагу вуліцы Пушкінскай і плошчы Леніна, хоць лідары затрыманыя, а закліку збірацца сёння не было.
12:37
12:36
У Бабруйску блогер Андрэй Гіраў выйшаў на плошчу. Кажа, што баіцца, што і яго могуць паспрабаваць затрымаць, як учора блогера Філіповіча ў Пінску.
12:34
Пакуль у Бабруйску арганізаванасці няшмат.
«Лукашэнка сказаў, што да 1 мая ўладкуе ўсіх людзей», — звяртаецца журналіст НН.
«Смешна, — адказваюць людзі, — дзе яны знойдуць працу? Нідзе працы няма».
12:34
«Я думаю, што, калі розум там, наверсе, ёсць у кагосьці, то дэкрэт адменяць. Бо работы няма! Які ж можа быць падатак на дармаедства, калі няма працоўных месцаў! Фабрыкі закрываюцца!» — кажа жанчына гадоў 50-ці.
12:33
Зноў выступае Яўген Васьковіч: «Ганьба, яны нас баяцца».
12:33
«Ганьба!» — скандуе Бабруйск на адрас міліцыі.
12:32
Людзі стаяць з самаробнымі аркушыкамі: «Мы не рабы».
12:32
«Разам мы сіла» — трымае самаробны плакат жанчына гадоў 30-ці, што прыйшла з сынам. «Мой муж ездзіць у Расію на заробкі, у горадзе работы зусім няма», — наракае яна.
12:31
12:30
Зноў скандуюць «Баста».
12:29
Колькасць людзей у Бабруйску расце.
12:27
«Бабры не рабы», — таксама скандуюць людзі.
12:27
12:26
Лукашэнку таксама ганяць: «Хопіць, дакіраваўся».
12:26
«Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі!», — скандуюць у Бабруйску.
12:26
Зноў скандуюць: «Не дэкрэту нумар тры»
12:25
Вельмі, вельмі шмат пенсіянераў на Плошчы ў Бабруйску, непараўнальна болей за моладзь. Яны клянуць Лукашэнку за тое, да чаго ён давёў краіну.
12:24
Людзі абураюцца ўсім: цэнамі, крэдытамі, паборамі ў школах.
«Уся Беларусь жыве ў крэдыт. Каб дзіця ў школу сабраць, трэба крэдыт», — моцна дастаецца Лукашэнку і яго эканамічнай палітыцы.
12:23
У Бабруйску сабралася каля 1000 чалавек.
12:22
«Нашым дзецям, унукам няма за што жыць. Мы ў галечы. Чаму я на пенсіі не магу нікуды паехаць і адпачыць?», — абураецца жанчына.
12:22
«Дай работу моладзі», — звяртаюцца да Лукашэнкі.
12:21
Абураюцца карупцыяй ва ўладзе.
Выступае Яўген Васьковіч: «Улада не хоча нас слухаць 23 гады. Але дэкрэт стаў апошняй кропляй. Мы не згодны, каб нас абкрадалі. Мы сабраліся тут, няглядзячы на розныя выкрутасы і рэпрэсіі. Прапаную скандаваць лозунг «Баста».
Людзі азвотна адгукаюцца: «Баста».
12:21
Людзі ў Бабруйску жорстка затыкаюць рот пасланцам ад органаў улады, якія асуджаюць удзельнікаў мітынгу.
12:19
У Бабруйску шмат шуму і гаму. Людзі ўголас абураюцца эканамічнай сітуацыяй, падаткам.
12:19
На фота — Палянскі:
12:19
Вось былы спецназавец з Маладзечна, і яго давялі да адчаю:
12:17
Прыйшоў былы палітвязень Яўген Васьковіч. Заклікае не зважаць на правакатараў.
12:16
На плошчы ў Бабруйску ўжо 600-700 чалавек.
12:16
«Работу шукаем, але не можам знайсці», — кажа жанчына, што прыйшла на Плошчу з дзецьмі і мужам.
12:15
Людзі гучна абураюцца самаўпраўствам чыноўнікаў. Узнялі першы бел-чырвона-белы сцяг.
12:15
«Я хадзіла на выбары ўвечары, і была ў спісах шостая. А пасля гляджу: яўка склала 90%. Як такое можа быць?»
12:14
«У нас нават дворнікі з вышэйшай адукацыяй, у большасці людзей тут ёсць вышэйшая адукацыя. І нас трымаюць за быдла, — кажа жанчына. — Камуналка даражэе, на лекі не хапае, і мы дармаеды?»
12:14
«Мы — людзі з вышэйшай адукацыяй, а нас робяць дурнямі! Я працую! Але што ў нас за жыццё? Людзям не хапае на лекі! І мы дармаеды?»
12:13
Бабруйск: выйшлі прадстаўнікі горада, але ўдзельнікі акцыі іх засвістваюць.
12:11
У сувязі са шматлікімі затрыманнямі людзей у розных гарадах краіны праваабаронцы нагадваюць пра тое, што можна перадаваць у ІЧУ:
12:11
Прыйшлі людзі з бел-чырвона-белым сцягам. Прыехала з Віцебска Таццяна Севярынец. Людзі гукаюць: «Жыве Беларусь».
«Дзе заробкі па 500 даляраў? — пытаюцца людзі. — Мы працуем за мінімальныя грошы».
12:09
Мужчына, які працаваў у разліковым цэнтры, апынуўся беспрацоўным. І няма куды ўладкавацца, бо працы няма.
12:09
«Лукашэнка што сказаў? Што можна збірацца. Чаму ж тады нас запалохваюць? Чаму на працы збіраюць подпісы, што той, хто выйдзе на Плошчу, будзе звольнены? Гэта што такое? Па тэлевізары кажуць адно, а робяць другое?»
12:08
«Тут пераважна сабраліся людзі сталага веку. А дзе моладзь?», — пытаецца карэспандэнт НН.
«З'ехалі на заробкі ў Расію», — адказваюць яму.
12:07
Адзін мужчына прыйшоў з кійком.
«У мяне ўсё добра, — жартуе ён. — Пенсія 150 рублёў, а ў Яго — 17 рэзідэнцый. Колькі можна! Сыходзь».
12:06
У Бабруйску людзі настроены вельмі агрэсіўна. Цяпер на плошчы каля 400 чалавек.
Асноўная прэтэнзія ў тым, што моладзь не мае працы.
12:06
Нягледзячы на масавыя прэвентыўныя затрыманні, у Бабруйску а 12-й на плошчы сабралася ўжо 400 чалавек.
«Бабры не рабы!», — напісана на адным з плакатаў.
Людзі настроеныя агрэсіўна: «Моладзі няма работы! У краіне развал!»
12:05
Бабулі гукаюць у Бабруйску: «Не дэкрэту нумар, Лукашэнка сыходзь».
12:05
Пажылая жанчына кажа, што прыйшла сюды, бо ўнук не можа знайсці працу.
Людзі выйшлі з вялікай колькасцю лозунгаў. Сярод іх шмат палітычных.
12:03
«Мы прыйшлі сюды за праўдай жыцця, — кажуць людзі ў Бабруйску. — Мы яго не абіралі. Ярмошына фальсіфікуе выбары. Хай вызваляюць актывістаў, колькі можна арыштоўваць? Сам выступіў на тэлебачанні, а цяпер зноў арыштоўваюць.
Ён не мае права мне ўказваць, дзе я павінен збірацца на мітынгі.
За мяжой беспрацоўным плацяць, а тут нам трэба грошы плаціць».
На адным з плакатаў намалявана фіга і напісана «ніякіх падаткаў». Таксама ёсць намаляваны хрэн, плакаты «Баста» і «Не дэкрэту №3».
Вельмі шмат пажылых людзей, адной жанчыне 80 гадоў.
«Пры СССР было добра, цяпер кепска», — кажуць пенсіянеры.
12:02
Стрыманая рэакцыя Аляксандра Мілінкевіча:
12:02
Бабруйск:
«Дэкрэты і налогі — хутка працягнем ногі», — напісана на адным з плакатаў.
На іншым — дзірка ад бубліка.
«Мы не баімся», — кажуць людзі, якія абураюцца заробкамі па 200-300 рублёў.
12:01
Рэакцыя сумлення:
11:59
А гэта ўчорашняе фота дня.
У Пінску тры асобы ў цывільным спрабавалі затрымаць блогера з Гомеля Максіма Філіповіча, але падбеглі людзі, сталі крычаць, і асобы ў цывільным рэціраваліся.
Пасля мітынгу некалькі дзясяткаў людзей вырашылі праводзіць госця з Гомеля на вакзал, каб таго не затрымалі.
11:58
І верш ад Растаева:
У всех работа как работа, лишь у ментов удел угрюм — следи за булкой из болота да выковыривай изюм!
11:57
Жарт ад Растаева:
11:57
Жарт з Берасця: «Хацелi па $500, атрымалi па 15 сутак! Сацыяльна-арыентаваная дзяржава у дзеяннi!»
11:54
«Мы зарабляем грошы ў Расіі, прывозім іх сюды, трацім тут, якія мы дармаеды?», — кажуць людзі.
11:54
Андрэй Пачобут: «Не спяшайцеся хаваць рэжым Лукашэнкі»
11:53
На плошчы Перамогі ў Бабруйску сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Абмяркоўваюць кепскі эканамічны стан, малыя заробкі
11:53
У Оршы затрыманы таксама карэспандэнт «Народных навін Віцебска» Сяржук Серабро:
11:51
Акрамя журналістаў «Нашай Нівы» і Navin.by, у Оршы затрыманы і карэспандэнт Тут.бая:
11:48
Рагачоў: Сёння раніцай рагачоўцы, нарэшце, вызначыліся з фінальным месцам старту акцыі: усё пачнецца каля крамы «Ўсходні» ў 16.00 з шэсцем да райвыканкама.
За дзень да дня «Х» адзін з самых бачных грамадскіх актывістаў Рагачоўшчыны Дзяніс Дашкевіч паведаміў «НН», што не зможа быць на акцыі, бо, хутчэй за ўсе, яго не адпусцяць з працы. У сувязі з гэтым на нейкую арганізаванасць разлічваць не даводзіцца. Паглядзім, ці зможа звычайны народ ізноў узяць усё ў свае рукі.
У папярэдніх анлайн-апытанках гатоўнасць прыняць удзел у маршы 12 сакавіка выказалі каля 200 чалавек.
11:44
Віцебскі журналіст Сяргей Серабро паведаміў, што міліцыя забрала пашпарты ў яго і журналістаў Tut.by
Журналіст Дар'я Гуштын у аддзяленні міліцыі ў Оршы, фота Сяргея Гудзіліна
11:20
Журналістаў у Оршы адвялі ў апорны пункт міліцыі, правяраюць дакументы.
11:13
11:03
Тым часам ў панядзелак на офісе руху «За свабоду» пройдзе прэс-канферэнцыя з нагоды ранейшых і будучых акцый.
11:00
Карэспандэнтка Naviny.by Адар'я Гуштын піша з Оршы: «Вось я раней думала, ахоўнікі бываюць толькі ў селебрыці, але мяне сёння ад Талочына суправаджае персанальны канвой, на вакзале ў Оршы дадаліся хлопцы ў штацкім. Ходзяць вакол мяне, сцерагуць, прычым за бясплатна. І гэта я яшчэ да плошчы не дайшла!»
10:59
Раней Гудзілін нам пісаў з электрычкі: «Электрычка Мінск — Орша. Транспартная міліцыя правярае дакументы ў падазроных асоб па нейкіх арыенціроўках. Падазронай асобай аказаўся на ўвесь вагон я». І потым: «І тут да мяне яшчэ трое спецназаўцаў селі ў вагон у Крупках. Ну эта случайнасць, наверна».
10:55
Фотакарэспандэнта «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна затрымліваюць на вакзале ў Оршы. Затрыманне праводзіць старшы лейтэнант Шарай з аршанскага УУС на транспарце.
10:53
Журналістаў, што прыбываюць у Оршу, суправаджаюць асобы ў цывільным.
10:53
Затрыманні актывістаў апазіцыі і блогераў набываюць масавы характар. У Брэсце ў Ленінскі райаддзел міліцыі павезлі блогера Сяргея Пятрухіна, які стрыміў ужывую пратэсты ў Брэсце і Пінску. Вось ягоны ўчорашні анлайн з горада над Пінай:
10:42
На вуліцах у Бабруйску шмат супрацоўнікаў ДАІ.
10:34
Транспартная міліцыя ў электрычцы Мінск — Орша правярае «падазроных людзей».
10:33
Тым часам у Рагачове анансуецца дзве пляцоўкі збору, што крыху блытае людзей.
10:31
У аршанскіх актывістаў з раніцы ідзе ператрус. Так, вобшук ідзе ў журналіста, намесніка старшыні АМГА «Звяз» Арцёма Сізінцава. Раніцай да яго прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў і распачалі вобшук таксама па падазрэнні ў фальшываманетніцтве.
Пакуль гаспадар быў на рабоце, з вобшукам прыйшлі да сацыял-дэмакрата Канстанціна Анташкевіча. Таксама міліцыя стаіць каля дома Валянціны Ігнаценкі — старшыні гарадской арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Міліцыя дзяжурыць і каля дома сябра Партыі БНФ Віталя Паўлава. А ў кватэры, якая належыць Ігару Казмерчаку (там пражывае дзядуля актывіста), міліцыянт сядзіць ад самай раніцы.
У Беларусі акцыі пратэсту пачаліся 17 лютага, калі ў цэнтры Мінска адбылася шматтысячная дэманстрацыя супраць дэкрэта №3: людзі патрабавалі адмены г.зв. падатку на дармаедства. Потым акцыі распаўсюдзіліся на іншыя гарады.
9 сакавіка Лукашэнка прыпыніў дзеянне дэкрэта на год і выступіў з пагрозамі на адрас арганізатараў акцый. Нягледзячы на гэта ў Маладзечне і Пінску, 10 і 11 сакавіка, сотні людзей усё роўна выйшлі на плошчы. Яны патрабуюць не толькі поўнай адмены дэкрэта №3, але і пратэстуюць супраць нізкіх заробкаў, адсутнасці працы, росту цэнаў, пагаршэння эканамічнай сітуацыі, усё часцей чуюцца заклікі: «Лукашэнка, сыходзь!», патрабаванні свабодных выбараў.
Пасля акцыі пратэсту ў Маладзечне былі жорстка затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак лідары апазіцыі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч. Яны выйдуць на свабоду толькі вечарам 25 сакавіка, пасля таго як скончыцца анансаваная традыцыйная акцыя на Дзень Волі.
Усяго ў Маладзечне былі затрыманыя больш дзясятка чалавек. Пратэсты ў Пінску скончыліся без затрыманняў, затое там дэманстранты адбілі ў асоб у цывільным блогера, якога спрабавалі затрымаць.
Каментары