17:40
Жыхары Рагачова пакрысе разыходзяцца. Пратэст быў на дзіва шматлікім, у пікавыя моманты ён дасягаў 400 чалавек. Аднак у адсутнасць лідараў людзі проста выгаворваліся на камеры журналістаў і размаўлялі між сабой.
На месцы падзей у Рагачове працавала карэспандэнтка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая. Дзякуй за ўвагу!
17:37
Міхаіл сам працаваў на прадпрыемстве па вырабе напояў. Сыходзіў на пенсію пяць гадоў таму, там былі прыстойныя заробкі, а цяпер вытворчасць у заняпадзе. Ён лічыць, што вінаватыя людзі ва ўладзе, якія нічога не разумеюць у эканоміцы.
17:33
Жыхар Рагачова Міхаіл кажа, што цярплівасць народа перапоўненая: спачатку падатак на дарогі, потым паднялі пенсійны ўзрост, пакрыўдзілі дэкрэтніц і тых хто у войску — гэтыя гады не ўваходзяць ў стаж… «Беларусы талерантныя, але не настолькі», — падсумоўвае ён.
Міхаіл на пенсіі, але прыйшоў дзеля дзяцей і унукаў.
17:29
Абмяркоўваюць Дразды і тое, што ў нас выразны падзел на вярхі і нізы. Адна жанчына ўзгадала Украіну, кажа, што не хоча такога, але яе адразу заткнулі: тут іншая сітуацыя: «У нас з людзей робяць дармаедаў, прычым з добрых людзей! Тых, хто піў і не працаваў раней, — іх нічога не зменіць». Прапаноўваюць падатак на багатых, а не тых, хто без працы.
17:19
Набор лозунгаў стандартны: «Жыве Беларусь», «Верым можам пераможам!» Але крычаць не надта гучна, а некаторыя і зусім маўчаць.
17:15
Вікторыя, дзяўчына ў бейсболцы, баіцца выйсці з дэкрэтнага: «Я не знайду працу, і што, у мяне забяруць дзяцей? Я ж іх не змагу пракарміць!»

17:12
Грамадскае абмеркаванне працягваецца без планаў і сцэнароў. Але некаторыя пачынаюць разыходзіцца.

17:11
Жанчыны абураюцца, чаму Лукашэнка да іх не прыязджае, каб усё пабачыць на свае вочы: «будаўнічыя арганізацыі зачыніліся, кансервны завод таксама, піўны таксама. Дзе працаваць?»
17:08

Малыя ў тэме. Кажуць, што працы няма ў бацькоў і іншых сваякоў. Запэўніваюць, што сочаць за навінамі ў інтэрнэце і ведаюць усё пра дэкрэт. А тэлебачанне, маўляў, хлусіць.
17:05
На пратэст прыехалі графіцісты з Signal, якія размалявалі горад. Хочуць падтрымаць землякоў, бо адзін з іх — Алег Ларычаў з Мозыра
17:01
«Мы не апазіцыя, нас вывеў сюды Лукашэнка!» — крычаць людзі.
16:58
На плошчы шмат прадпрымальнікаў, якіх душаць падаткамі. Кажуць, што прыйшлі супраць усёй дурной сістэмы.
Лідара няма. Але людзі лічаць, што гэта нават добра, таму што лідараў бы адразу пасадзілі.

16:56

16:51

16:51
Насельніцтва Рагачова — каля 35 тысяч чалавек. Таму 400 чалавек, якія выйшлі на плошчу, — досыць шмат.
16:41
«Не Дэкрэту №3, Лукашэнка — сыходзь!» — пачынае скандзіраваць натоўп.
Карэспандэнтка «НН» перадае, што колькасць удзельнікаў акцыі набліжаецца да 400 чалавек. Калоны нарэшце ўз'ядналіся на цэнтральнай плошчы горада.
16:39
Сталая жанчына ў фіялетавай шапцы аказалася адна супраць усіх. Яны падтрымлівае існуючую ўладу і заклікае не дапусціць Майдан у Беларусі. А ўсе астатнія патрабуюць рэформаў.
16:37
Частка людзей ужо на плошчы, іншая калона рушыць да райвыканкама.

16:34
Міліцыянты зноў у гукаўзмацняльнік папярэдзілі жыхароў Рагачова, каб тыя не парушалі грамадскі парадак. Аднак акцыя праходзіць вельмі ціха. Людзі купкамі абмяркоўваюць свае праблемы.
16:31
Лідзія прыйшла за свайго сына, бо ён не знайшоў тут працы, і з'ехаў у Расію. А цяпер атрымаў «лісты шчасця». Ён хоча дадому, але не зможа сябе тут пракарміць, наракае жанчына.
16:25
300 чалавек на акцыі пратэсту — нечуваныя лічбы для Рагачова. Людзі самі не вераць, што сабралася так шмат людзей.
16:23
Людзі рушаць на плошчу. Міліцыя едзе побач.
Пенсіянерка Алена скардзіцца, што не хапае пенсіі, каб выпісаць дровы і пракарміць трох катоў. «Людзей зрабілі скотам у цэнтры Еўропы», — кажа яна.
16:21

16:20
Прыйшла міліцыя, каб нагадаць, што прымаць удзел у акцыях нельга. Людзі крычаць, што проста жадаюць выгаварыцца. І кажуць, што міліцыя можа апынуцца на іх месцы. У выніку міліцэйскі начальнік Аляксей Серабро дазволіў прысутным прайсці да плошчы.
Людзі смяюцца над заробкам у 500 даляраў, кажуць, што толькі дэпутаты столькі атрымліваюць.
Каментары